Парфянкова зноў будуць судзіць
Працэс пройдзе 28 лістапада ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Васіля Парфянкова абвінавачваюць у парушэнні правілаў адбыцця прэвентыўнага нагляду (артыкул 421 КК).
Паколькі Парфянкоў з 21 верасня знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі №1 г. Светлагорска, яго на суд прывязуць пад канвоем.
Нагадаем, што палітвязень Васіль Парфянкоў 9 лютага быў вызвалены з Баранавіцкага следчага ізалятару №6, на тэрыторыі якога размяшчаецца арыштны дом.
29 мая 2012 года Васіль Парфянкоў быў асуджаны паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь суддзёй Першамайскага раёна Мінска Сяргеем Бандарэнкам за парушэнні ўмоваў прафілактычнага нагляду. Прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год, у парушэнні якога прызнаны вінаватым былы палітвязень, быў усталяваны за ім з 5 студзеня 2012 года. Падставай для гэтага стаў ўдзел Парфянкова ў грамадска-палітычным жыцці.
24 ліпеня Мінскі гарадскі суд не задаволіў касацыйную скаргу Парфянкова на прысуд аб арышце на 6 месяцаў за невыкананне умоваў прэвентыўнага нагляду, усталяванага судом. 9 жніўня 2012 г. Васіль Парфянкоў быў узяты пад варту зноў.