БЕЛ Ł РУС

НХЛ. Дзмітрый Корабаў дэбютаваў за «Тампу»

20.11.2013 / 10:10

nn.by

«Тампа» прайграла ў гасцях «Лос-Анджэлесу», nhl.com

Свой першы матч у Нацыянальнай хакейнай лізе правёў беларускі абаронца Дзмітрый Корабаў. Дэбют прыпаў на гульню «Тампы» ў гасцях з «Лос-Анджэлесам».

«Тампа» прайграла 2:5, а Дзмітрый правёў за «маланак» 13 хвілін 21 секунду.

Дзмітрый Корабаў быў выкліканы ў асноўны склад «Тампы» з фарм-клуба на мінулым тыдні пасля таго, як траўмы атрымалі два абаронцы фларыдскай каманды.

У АХЛ (Амерыканская хакейная ліга — другая па значнасці ліга пасля НХЛ у Амерыцы) Корабаў выступае за «Сірак'юз» (а ў 2011-2012 ён гуляў за «Дынама» Мінск), за больш чым год у «Сірак'юзе» Корабаў правёў 65 гульняў, закінуў тры шайбы, зрабіў 19 галявых перадачаў, каэфіцыент карыснасці +20.

Наступныя два матчы «Тампа» таксама правядзе ў Каліфорніі: 21-га лістапада супраць «Сан-Хасэ», а 22-га — з «Анахаймам».

За «Вашынгтон Кэпіталз» выступае беларускі форвард Міхаіл Грабоўскі. Больш беларусаў у НХЛ няма.

Goals.by дадае, што наогул Корабаў стаў 9-м беларусам, якія гулялі ці гуляюць у НХЛ.

Раней свае сілы ў мацнейшай лізе свету спрабавалі Аляксандр Андрыеўскі («Чыкага»), Алег Мікульчык («Вініпег», «Анахайм»), Уладзімір Цыплакоў («Лос-Анджэлес», «Бафала»), Руслан Салей («Анахайм», «Фларыда»), Канстанцін Кальцоў («Пітсбург»), Андрэй Касціцын («Манрэаль») і Міхаіл Грабоўскі («Манрэаль»,«Вашынгтон»), Сяргей Касціцын («Манрэаль»). Найбольшы стаж у НХЛ у Руслана Салея — 11 сезонаў і 746 матчаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула