Беларусь гатова прадаць Мазырскі НПЗ «Раснефті» ўзамен за павелічэнне паставак нафты
У якасці адной з умоў прыватызацыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Беларусь прапанавала расійскай кампаніі «Раснефть» павялічыць да 2020 года пастаўкі нафты ў Беларусь да 20 мільёнаў тон.
Пра гэта паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пракаповіч, выступаючы 20 снежня на сумесным пасяджэнні дзвюх палат нацыянальнага сходу.
«Размова ідзе, каб частка нафты, якая пастаўляецца ў Еўропу, перапрацоўвалася ў Беларусі і прадавалася на экспарт», — сказаў ён.
На думку Пракаповіча, на працягу месяца расійскі бок вызначыцца па гэтым пытанні.
Калі Расія падтрымае гэтую прапанову, гэта будзе азначаць для Беларусі буйны інвестыцыйны праект, падкрэсліў віцэ-прэм'ер.
Мазырскі НПЗ з'яўляецца адным з высокатэхналагічных нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Усходняй Еўропы.
У 2012 годзе аб'ём перапрацоўкі нафты на прадпрыемстве склаў 11,09 млн. тон.
Па дадзеных Міністэрства фінансаў, ААТ «Мазырскі НПЗ « у першым паўгоддзі 2013 стала другой па аб'ёме чыстага прыбытку публічнай кампаніяй Беларусі. Чысты прыбытак завода склаў 1.063 млрд. рублёў, выручка — 14.584,1 млрд. рублёў.