Ахвотных выкупіць ва ўладаў палац Радзівілаў у Паланэчцы не знайшлося
Да пачатку таргоў па продажы дзяржаўных аб’ектаў нерухомасці не надышло ніводнай заяўкі на пакупку былога палаца Радзівілаў у Паланэчцы.
На пераднавагоднім аўкцыёне, які 30 снежня правёў Брэсцкі абласны фонд дзяржаўнай маёмасці, продаж помніка архітэктуры не адбыўся. Двухпавярховы палац, пабудаваны ў 1836 годзе, па-ранейшаму знаходзіцца ва ўласнасці аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага райвыканкама. Яго пачатковы кошт на аўкцыёне складаў паўмільярда беларускіх рублёў.
«Мы паведамім уласніку пра тое, што таргі па дадзеным аб’екце нерухомасці не адбыліся. І ён ужо будзе вырашаць: ці зноў выстаўляць гэты будынак на продаж, але, магчыма, за меншую цану, ці пакінуць сабе», — распавялі аўкцыяністы фонду «Брэстаблмаёмасць» па заканчэнні таргоў.
Палац выстаўляўся на продаж разам з фрагментам агароджы, падпорнай сценкай і лесвіцай – усё разам унесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Таксама ў дадатак прыватнаму ўласніку прапаноўваліся размешчаныя побач будынкі савецкіх часоў. Зямельны ўчастак у зоне аховы помнікаў архітэктуры плошчай звыш 1 Га прапаноўваўся ў арэнду на 50 год. Па ўмовах аўкцыёну тут дазвалялася размяшчаць аб’екты грамадскага харчавання, гандлю, паслуг.
Палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Паланэчка Баранавіцкага раёна належаў Мацею Радзівілу, вядомаму драматургу і кампазітару. У гады Другой сусветнай палац быў пашкоджаны. У савецкія часы яго аднавілі, змянілі планіроўку, і змясцілі тут школу-інтэрнат. Пасля таго як ў 90-я гады ў будынку праваліўся дах, палац стаіць закінуты.