БЕЛ Ł РУС

Швейцарыя нечакана для сябе можа заключыць пагадненне аб свабодным гандлі з Беларуссю

21.01.2014 / 9:44

Сябры замежнапалітычнай камісіі Нацыянальнай рады (парламента) Швейцарыі падверглі крытыцы перамовы, якія могуць завяршыцца падпісаннем дамовы аб свабодным гандлі «з беларускім дыктатарам»,

піша InoPressa.ru са спасылкай на мясцовае выданне Tagesanzeiger.

Справа ў тым, што раней Еўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю (ЕАСГ), куды акрамя Швейцарыі таксама ўваходзяць Нарвегія, Ісландыя і Ліхтэнштэйн, некалькі гадоў таму пачала перамовы пра пагадненне аб свабодным гандлі з Расіяй, аднак у 2009 годзе Расія, Беларусь і Казахстан увайшлі ў Мытны саюз, у выніку чаго перамовы працягнуліся ўжо з гэтымі трыма дзяржавамі.

Усё гэта паставіла Швейцарыю, якая яшчэ ў 2006 годзе ўвяла санкцыі супраць беларускіх уладаў, перад сур'ёзнай дылемай. Іншыя краіны-ўдзельніцы ЕАСТ сутыкнуліся з тымі ж праблемамі, аднак вырашылі працягнуць перамовы. Швейцарыя, як заявіў былы пасол краіны ў СГА Люцыус Вазеша, прытрымлівалася аналагічнай пазіцыі.

«Усе ўсведамлялі, што перамовы з Беларуссю былі выбухованебяспечныя з палітычнага пункту гледжання, таму быў знойдзены кампраміс: у Мінску не павінна было праводзіцца ніякіх перамоваў і прадстаўнікі ад Беларусі не маглі выступаць у ролі іх арганізатараў».

Зразумела, па словах дыпламата, гэта была вельмі незвычайная сітуацыя, але «ў нас не было іншага выбару». Пагадненне аб свабодным гандлі з Расіяй уяўляе велізарную важнасць для эканомікі, каб адмаўляцца ад яго праз іншых сябраў Мытнага саюза.

Аднак парламентарыі кажуць, што не былі праінфармаваныя і нічога пра дылему не ведалі. Як заявіла старшыня парламенцкай групы пры Нацыянальнай радзе Крыста Марквальдэр, гаворка ідзе аб сістэматычных праблемах Беларусі, а «санкцыі якраз і з'яўляюцца эканамічным рычагом, які ўжываюць дзеля таго, каб палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў кожнай асобна ўзятай краіне».

Пагадненне ж аб свабодным гандлі, наадварот, будзе садзейнічаць развіццю гандлёвых адносін. «Санкцыі і свабодны гандаль — гэта супярэчнасць».

Аналагічнага меркавання, як падкрэслівае аўтар артыкула, прытрымліваецца і старшыня парламенцкай групы пры Нацыянальнай радзе Цюрыха Марцін Нэф. Так, палітык адзначае, што «не разумее, як пры заключэнні пагаднення з Расіяй можна проста так пасадзіць Беларусь у бакавую калыску і нічога пры гэтым не заўважыць».

Швейцарскія санкцыі супраць Беларусі прадугледжваюць абмежаванне ўезду на тэрыторыю Канфедэрацыі для шэрагу чыноўнікаў, замарожванне іх рахункаў і маёмасці і забарона паставак пэўных тавараў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула