Журналіст «Белсата»: Нас пачалі біць, калі здымалі збітага машынай байца «Беркута»
Журналісты тэлеканала «Белсат» далі прэс-канферэнцыю ў штабе нацыянальнага супраціву ў Кіеве.
Сяргея Марчыка і Юрыя Высоцкага затрымлівалі і збівалі ва ўкраінскім горадзе Чаркасы. Там адбываўся штурм будынка абласной дзяржадміністрацыі, з Кіева якраз прыехалі машыны Аўтамайдана. Аднак сілавікі разагналі пратэстоўцаў.
Сяргей Марчык распавёў пра тое, як «Беркут» жорстка збіваў дэманстрантаў, у людзей практычна ва ўпор стралялі гумавымі кулямі. Марчык гэта ўсё здымаў. У тым ліку і тое, як нейкі аўтамабіль збіў байца «Беркута». Той некалькі разоў перавярнуўся ў паветры і зваліўся на зямлю. «Мы пачалі здымаць, як яму аказвалі дапамогу. Пасля хтосьці з «Беркута» спрабаваў мяне адштурхнуць. Далей пачалі збіваць мяне. Калега заступіўся», — расказаў Сяргей Марчык.
Журналіст «Белсата» Юрый Высоцкі распавёў, што на іх напалі ззаду і збівалі палкамі, крычалі: «На калені!».
На тое, што яны журналісты, спецназаўцы ўвагі не звярталі. Асабліва моцна быў збіты Сяргей Марчык, у бальніцы на яго галаву накладалі 11 швоў.
Пасля першага вызвалення з аўтазаку і меддапамогі Высоцкі паехаў за камерай у міліцыю. У выніку, яго зноў затрымалі. Трымалі да 6-й раніцы і не тлумачылі прычыны затрымання. А яму было кепска, кружылася галава. А праз 2,5 гадзінаў Юрыя вызвалілі. Прычыну затрымання так і не назвалі. Відэакамеру журналістам не вярнулі.