Расія не дасць грошай Украіне, пакуль не будзе сфармаваны новы ўрад
Расія пачакае з купляй еўрааблігацый Украіны, пакуль у гэтай краіне не будзе сфармаваны новы ўрад і эканамічная палітыка. Пра гэта паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на расійскага міністра фінансаў Антона Сілуанава.
«Мы сапраўды абмяркоўвалі пытанне куплі еўрабондаў на мінулым тыдні, але, паколькі сітуацыя ва Украіне рэзка змянілася, мы павінны разумець, з якім урадам нам супрацоўнічаць. Мы маем намер пачакаць фарміравання новага ўрада, разуменне яго эканамічнай палітыкі», — заявіў міністр.
«Мы ўжо ўклаліся ў еўрааблігацыі Украіны, у мінулым годзе выкупілі на 3 мільярды даляраў. Мы таксама пастаўляем газ на Украіну ў адпаведнасці з тымі дамоўленасцямі, якія ў нас былі па тэрмінах», — адзначыў Сілуанаў.
Паводле яго слоў, зараз Украіне неабходна вызначыцца са сваёй эканамічнай палітыкай, бо ў іх гэты год «няпросты з пункту гледжання пагашэння даўгоў перад замежнымі крэдыторамі, перад МВФ».