Цігіпка вылецеў для перамоваў у Маскву
Народны дэпутат Украіны, намеснік кіраўніка Партыі рэгіёнаў Сяргей Цігіпка мяркуе, што для ўрэгулявання сітуацыі ў Крыме кіраўніцтву Украіны, Крыму і Расіі трэба сесці за стол перамоваў.
«Неабходна сфармаваць рабочыя групы, якія будуць весці перамовы з парламентам Крыма і, перш за ўсё, з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі», — мяркуе дэпутат, паведамляецца на яго афіцыйным сайце ў суботу.
Палітык таксама падкрэсліў, што сітуацыя ў Крыме цяжкая і неабходна зрабіць усё, каб пазбегнуць сілавога варыянту развіцця падзей.
Паводле інфармацыі агенцтва Інтэрфакс-Украіна, у суботу раніцай Цігіпка вылецеў у Маскву для правядзення перамоваў з расійскімі палітыкамі адносна мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Крыме.
Тым часам Расія працягвае сцягваць войскі ў Крым і памежныя з Украінай рэгіёны Расіі. Тым часам актывісты расійскіх нацыяналістычных арганізацый, што фінансуюцца з Масквы, арганізавалі мітынгі і штурм адміністратыўных будынкаў у Данецку, Харкаве, Мікалаеве пад расійскімі дзяржаўнымі сцягамі.
Рэалізуецца сцэнар расколу Украіны або распальвання вайны на яе тэрыторыі.