Некалькі тысяч адэсітаў выйшлі на мітынг супраць расейскай акупацыі
У Адэсе праходзіць шматтысячны мітынг супраць агрэсіі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
На мітынгу няма партыйнай сімволікі, людзі прынеслі толькі розныя плакаты і сцягі Украіны, на вопратцы ў многіх — жоўта-сінія стужкі.
Як заявіў дэпутат Адэскага гарсавета Аляксандр Астапенка, усе павінны выразна ўсвядоміць, што «задача Пуціна не з'яўляецца задачай самой Расеі, расейцы — нашы браты».
«Пуцін хоча нацкаваць беднага на беднага, абяздоленага на абяздоленага. Падзяліць па нацыянальнасці і па мовах», — сказаў Астапенка.
Паводле слоў дэпутата гарсавета Дзмітрыя Співакова, у Адэсе ідэя яднання Украіны аб'ядноўвае расейцаў, украінцаў, яўрэяў, татараў, балгараў і іншых.
Актывістка Зоя Казанжы звярнулася да грамадзян, якія вітаюць тое, што адбываецца ў Крыме: «Трэба быць поўным маральным дэградантам, каб радавацца акупацыі сваёй краіны».
Людзі выступаюць як па-руску, так і па-украінску. Ні ў каго не ўзнікае праблем з іх разуменнем. Перыядычна людзі скандуюць: «Слава Украіне!».