БЕЛ Ł РУС

Еўракамісія прапануе ў аднабаковым парадку адмяніць мыты на ўкраінскія тавары

6.03.2014 / 11:30

Еўрасаюз гатовы ў аднабаковым парадку адмяніць імпартныя мыты на ўкраінскія тавары, заявіў учора прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу.

«Еўрапейская камісія гатовая прапанаваць Радзе ЕС і Еўрапейскаму парламенту датэрмінова прымяніць у аднабаковым парадку палажэнне аб імпарце тавараў пагаднення аб глыбокай і ўсёабдымнай зоне свабоднага гандлю пагаднення аб асацыяцыі, якое мы гатовыя падпісаць. Гэта азначае мільёны захаваных плацяжоў на імпартныя мыты», — сказаў ён.

Барозу не ўдакладніў, калі ўступіць у сілу гэтае рашэнне. Сайт «ЕС-плюс», спасылаючыся на крыніцу ў ЕК, паведаміў пра «наступныя два тыдні».

Стварэнне зоны свабоднага гандлю (ЗСГ) паміж Украінай і ЕС апісанае ў пагадненні аб асацыяцыі. У ходзе падрыхтоўкі дакумента ЕС адпрэчваў магчымасць стварэння ЗСГ па-за рамкамі асацыяцыі.

Аднак у верасні мінулага года Радзе ЕС было прапанавана разгледзець магчымасць аднабаковага абнулення ставак на ўкраінскую прадукцыю.

Прапанова стала рэакцыяй на ўкраінска-расійскую гандлёвую вайну.

Гэты крок дазволіў бы ўкраінскай эканоміцы мінімізаваць страты ў перыяд, калі ЗСГ з ЕС яшчэ не ўступіць у сілу (у першы дзень другога месяца пасля ратыфікацыі пагаднення Вярхоўнай радай і Еўрапарламентам), а краіны Мытнага саюза ўжо ўвядуць абмежаванні і падвысяць мыты на пастаўкі ўкраінскіх тавараў.

Віцэ-прэзідэнт Амерыканскай гандлёвай палаты Тарас Качка расказаў, што першапачаткова ва ўкраінскім урадзе прапаноўвалі ЕС больш хуткую ратыфікацыю пагаднення. У ЕС ж настойвалі на ратыфікацыі пагаднення пасля травеньскіх выбараў. Да таго ж пагадненне аб асацыяцыі яшчэ нават не падпісанае.

«Гэта вельмі дрэнны сцэнар для Украіны: з канца красавіка Еўрапарламент сыходзіць на вакацыі, а потым на перавыбары. У такой сітуацыі прагаласаваць за дамову Еўрапарламент зможа толькі ў канцы года. Адпаведна, мы апынаемся ў сітуацыі, калі рэжым ЗСГ з ЕС яшчэ не дзейнічае, а Мытны саюз ужо можа пераглядаць свае мыты. У такой сітуацыі да канца года мы атрымаем вялікі мінус замежнагандлёвага балансу», — патлумачыў Качка.

«Украіне прапанаваны механізм падтрымкі, аналагічны таму, які год таму ўжываўся ў дачыненні да Малдовы.

Пасля таго як на рынках Мытнага саюза былі ўведзеныя абмежаванні на малдаўскае віно, ЕС абнуліў мытную стаўку і зняў квоты на гэтую прадукцыю», — сказаў прэс-сакратар прадстаўніцтва ЕС ва Украіне Дэвід Стулік.

Паводле яго словаў, гэтая лібералізацыя можа закрануць толькі шэраг найбольш адчувальных таварных груп: «У любым выпадку для прыняцця гэтага рашэння трэба ўхвала Рады ЕС, Еўрапарламента і дазвол СГА».

ЗСГ дазволіць ЕС абнуліць мыты на 96,3% таварных пазіцый, у тым ліку для 91,8% прамысловых тавараў, 83,1% — аграрных.

Айчынныя чыноўнікі неаднаразова казалі, што Украіна просіць аднабаковага зніжэння тарыфаў ЕС. Найбольш станоўчы эфект ад такога кроку чакаецца ў аграрнай сферы.

«Больш за ўсё ад гэтага выйграюць вытворцы збожжавых: дамова прадугледжвае бязмытны ўвоз 950 тыс. т пшаніцы ў год, кукурузы — 400 тыс. т, ячменю — 25 тыс. т. З вытворцаў мяса выйграюць толькі пастаўшчыкі птушкі, астатнія яшчэ не атрымалі дазволаў на экспарт у ЕС.

Такія крокі прывядуць да павелічэння ў 2014 годзе экспарту на 500 млн даляраў», — чакае генеральны дырэктар асацыяцыі «Украінскі клуб аграрнага бізнэсу» Уладзімір Лапа.

Паводле ацэнкі ЕС, украінскія экспарцёры сэканомяць 487 млн еўра на мытах пры экспарце, у тым ліку 330 млн еўра — пры пастаўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, 53 млн еўрапрадуктаў харчовай перапрацоўкі, 24,4 млн еўра — тэкстыльнай галіны.

Абнуленне мытаў і 15-працэнтная дэвальвацыя грыўні да еўра палепшаць пазіцыі Украіны на рынку ЕС.

Аднабаковая лібералізацыя да таго ж не стане падставай для дыскрымінацыі ўкраінскіх кампаній на рынках Мытнага саюза, бо еўрапейскія тавары, як і раней, будуць трапляць на ўкраінскі рынак пасля выплаты мытаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула