«Парламент» Крыма папрасіў Пуціна далучыць паўвостраў да Расіі
Парламент Крыма прыняў сёння, 6 сакавіка, рашэнне аб уваходжанні аўтаноміі ў склад Расіі, паведамляе Расійскае інфармацыйнае агенцтва «Навіны».
«Увайсці ў склад Расійскай Федэрацыі на правах суб'екта Расійскай Федэрацыі», — гаворыцца ў тэксце рашэння, якое агенцтву перадаў дэпутат Вярхоўнай Рады Крыма Сяргей Шувайнікаў. За такое рашэнне нібыта прагаласавалі 78 з 81 дэпутата.
«Толькі што Вярхоўная Рада Крыма прыняла гістарычнае рашэнне аб уступленні ў склад Расійскай Федэрацыі! За 78 дэпутатаў з 81!» — напісаў віцэ-прэм'ер АРК Рустам Цеміргаліеў.
У тлумачальнай запісцы да пастановы, у прыватнасці, адзначаецца, што «падзеі, якія адбыліся ў лютым 2014 года ў г. Кіеве, рэзка абвастрылі грамадска-палітычную сітуацыю ва Украіне. Нацыяналістычныя сілы, якія захапілі ў выніку антыканстытуцыйнага перавароту ўладу, груба парушаюць Канстытуцыю і законы Украіны, неад'емныя правы і свабоды грамадзян, уключаючы права на жыццё, свабоду думкі і словы, права размаўляць на роднай мове. Экстрэмісцкія групоўкі распачалі шэраг спроб пранікнення ў Крым у мэтах абвастрэння сітуацыі, эскалацыі напружанасці і незаконнага захопу ўлады».
Крымскія дэпутаты, «выказваючы велізарную трывогу ў дачыненні да грамадска-палітычнай сітуацыі, што стварылася вакол Крыму» пастанавілі:
1. Увайсці ў склад Расійскай Федэрацыі ў якасці суб'екта РФ.
2. Прызначыць на 16 сакавіка 2014 года агульнакрымскі рэферэндум (уключаючы г. Севастопаль), на які вынесці наступныя альтэрнатыўныя пытанні:
1) Вы за ўз'яднанне Крыма з Расіяй на правах суб'екта Расійскай Федэрацыі?
2) Вы за аднаўленне дзеяння Канстытуцыі Рэспублікі Крым 1992 і за статус Крыма як часткі Украіны?
3. Пытанне, які атрымала большасць галасоў, лічыцца пытаннем, якое выказвае прамое волевыяўленне насельніцтва Крыма.
(…)
9. Вярхоўная Рада АРК звярнулася да прэзідэнта Расійскай Федэрацыі і Федэральнага сходу Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі з прапановай аб пачатку працэдуры ўваходжання ў склад Расійскай Федэрацыі ў якасці суб'екта Расійскай Федэрацыі».
Раней паведамлялася, што рэферэндум прызначаны на 16 сакавіка.
Нагадаем, што ад 26 лютага будынак парламента Крыма захоплены расійскім спецназам. Журналістаў у будынак не дапускалі, падлік галасоў праверыць немагчыма. Урад узначаліў лідар партыі «Рускае адзінства», якая набрала ўсяго 4% галасоў на апошніх парламенцкіх выбарах.
Акруговы адміністрацыйны суд Кіева прыпыніў дзеянне шэрагу рашэнняў, прынятых Вярхоўнай Радай Аўтаномнай Рэспублікі Крым, у тым ліку і аб правядзенні рэферэндуму.
Генеральная пракурора Украіны пачала крымінальныя справы ў дачыненні да «прызначанага парламентам» Крыма прэм'ерам аўтаноміі Сяргея Аксёнава і спікера ВР АРК Уладзіміра Канстанцінава па ч. 1 арт. 109 Крымінальнага кодэкса Украіны (дзеянні, накіраваныя на гвалтоўнае змяненне або звяржэнне канстытуцыйнага ладу ці на захоп дзяржаўнай улады).
Анексія Расіяй Крыма будзе азначаць разбурэнне сістэмы міжнародных дамоваў аб непарушнасці межаў, якая склалася пасля Другой сусветнай вайны.