У Беларусі правераць, як насельніцтва размяркоўвае свой час
У Беларусі ў красавіку стартуе выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак па вывучэнні выкарыстання сутачнага фонду часу насельніцтвам.
Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Абследаванне бюджэту часу праводзіцца ў 2014—2015 гадах у адпаведнасці са Стратэгіяй развіцця дзяржаўнай статыстыкі Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2017 года і ў мэтах выканання мерапрыемстваў Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2011—2015 гады. Дадзенае абследаванне арганізуецца ў рамках рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне ва ўмацаванні патэнцыялу нацыянальнай статыстычнай сістэмы ў галіне вытворчасці, аналізу і распаўсюду гендарна-рэлевантнай інфармацыі аб насельніцтве» пры падтрымцы Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).
Асноўная мэта правядзення абследавання бюджэту часу — атрыманне афіцыйнай статыстычнай інфармацыі аб размеркаванні сутачнага фонду часу насельніцтва па напрамках яго выкарыстання, інфармацыі аб выдатках часу на выкананне розных відаў дзейнасці ў працэсе працоўнай занятасці, удзеле ў адукацыйных праграмах, выкананні хатніх абавязкаў, доглядзе дзяцей і іх выхаванні ў вольны час.
Правядзенне абследавання дазволіць выявіць адрозненні ў выкарыстанні часу (усяго сутачнага фонду часу і яго асобных частак) паміж мужчынамі і жанчынамі, дарослым насельніцтвам і дзецьмі, гарадскімі і сельскімі жыхарамі, а таксама дасць магчымасць вывучыць узаемасувязь сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык насельніцтва рэспублікі (узросту, сямейнага становішча, наяўнасці дзяцей і ўзроўню матэрыяльнай забяспечанасці) і яго бюджэту часу.
Вынікі абследавання дапоўняць сістэму паказчыкаў гендарнай статыстыкі для маніторынгу прагрэсу ў забеспячэнні роўных магчымасцяў для жанчын і мужчын ва ўсіх сферах жыцця.
Будзе пашыраная сістэма паказчыкаў, якія характарызуюць умовы і якасць жыцця насельніцтва. Гэтая актуальная інфармацыя можа быць выкарыстаная пры распрацоўцы, рэалізацыі і маніторынгу сацыяльнай палітыкі ў галіне працы, культуры, сям'і і моладзі.
У абследаванні бюджэту часу возьмуць удзел 6 тыс. хатніх гаспадарак, якія пражываюць на тэрыторыі рэспублікі (0,2 % ад генеральнай сукупнасці хатніх гаспадарак). Апытаннем будуць ахопленыя ўсе члены хатніх гаспадарак ва ўзросце ад 10 гадоў. Удзел у абследаванні добраахвотны.
Абследаванне бюджэту часу будзе праводзіцца цягам поўнага 12-месячнага перыяду (з красавіка 2014 г. па сакавік 2015 года) і ахопіць усе дні тыдня. Збор інфармацыі будзе ажыццяўляцца па наступных формах дзяржаўных статыстычных назіранняў: «Дзённік выкарыстання часу (для асоб ва ўзросце ад 15 гадоў)», «Дзённік выкарыстання часу (для дзяцей ва ўзросце 10-14 гадоў)». Члены адной хатняй гаспадаркі будуць весці храналагічную і поўную рэгістрацыю ўсіх сваіх заняткаў за адзін і той жа дзень. Пры гэтым кожны рэспандэнт запоўніць два дзённікі: адзін за будны дзень (панядзелак- пятніца) і другі за выхадны (субота або нядзеля).
Паводле прынятай у праграме абследавання класіфікацыі відаў дзейнасці ў бюджэце часу насельніцтва вылучаюцца такія асноўныя элементы, як працоўны час і час, звязаны з працай; час, звязаны з навучаннем; час на вядзенне хатняй гаспадаркі (у тым ліку на працу ў асабістай падсобнай гаспадарцы, на садовым, дачным і іншым зямельным участку ); час на догляд дзяцей; вольны час (спорт і актыўныя віды дзейнасці, захапленні і гульні); час на задавальненне фізіялагічных патрэбаў (уключаючы сон); іншыя выдаткі часу.
Такая класіфікацыя відаў дзейнасці дасць магчымасць атрымаць інфармацыю, якая характарызуе суадносіны працоўнага і вольнага часу насельніцтва, асноўныя (прыярытэтныя) віды вольнага часу, інфармацыю, якая характарызуе лад жыцця розных груп насельніцтва рэспублікі, адзначылі ў Белстаце.
Органы дзяржаўнай статыстыкі гарантуюць прыватнасць прадстаўленай у ходзе абследавання асабістай інфармацыі. Дадзеныя па канкрэтных хатніх гаспадарках будуць выкарыстоўвацца для фармавання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі, а таксама ў выглядзе, які не дазваляе ідэнтыфікаваць канкрэтнага рэспандэнта, — для пабудовы макрафайлаў.