БЕЛ Ł РУС

Прыбытак беларускіх банкаў за студзень-люты скараціўся на 14,6%

2.04.2014 / 14:22

БелаПАН

Прыбытак камерцыйных банкаў Беларусі ў студзені-лютым гэтага года знізіўся на 14,6% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. 

Як гаворыцца ў статыстычнай справаздачы Нацбанка, «за студзень—люты 2014 года банкамі Рэспублікі Беларусь атрымана 901,4 млрд. рублёў прыбытку, што на 14,6% менш, чым за студзень—люты 2013 года». 

Па стане на 1 сакавіка банкаўскі сектар Беларусі ўключаў 31 дзейны банк, які мае права на ажыццяўленне банкаўскіх аперацый. З іх 27 банкаў з'яўляліся банкамі з удзелам замежнага капіталу, пры гэтым у 22 банках доля ўдзелу замежных інвестараў у статутным фондзе перавышала 50%. 

На думку беларускіх банкіраў, зніжэнне прыбытку банкаў можа быць звязана з жорсткай грашова-крэдытнай палітыкай, якая праводзіцца ў краіне, і прадугледжвае абмежаванне аб'ёмаў крэдытавання. 

Трэба адзначыць, што восенню 2013 года Нацбанк для абмежавання ўнутранага попыту і зніжэння ціску на курс беларускага рубля аб'явіў пра абмежаванне тэмпаў росту крэдытавання эканомікі. У чацвёртым квартале 2013 года банкам было рэкамендавана абмежаваць прырост крэдытнага партфеля 1% у месяц. 

У пачатку гэтага года Нацбанк аб'явіў аб узмацненні жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі і рэкамендаваў банкам абмежаваць прырост крэдытнага партфеля на ўзроўні 0,7%. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула