Барозу напісаў Пуціну: ЕС супраць перадаплаты Украінай за газ
Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу адхіліў ідэю перадаплаты Украінай паставак за расійскі газ, бо гэта можа негатыўна паўплываць на бяспеку расійскага газавага транзіту па ўкраінскай тэрыторыі ў Еўропу, і заклікаў да большай празрыстасці газавых адносінаў Украіны і Расіі.
Пра гэта гаворыцца ў лісце-адказе Барозу на імя прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які папярэдзіў аб праблемах у газавых адносінах з Кіевам у лісце ад 10 красавіка, накіраваным лідарам 18 краін ЕС, паведамляе УНІАН.
«Супрацоўніцтва паміж Еўрапейскім Саюзам і Расійскай Федэрацыяй у энергетычнай галіне грунтуецца на агульных інтарэсах… Кантрактная надзейнасць Расійскай Федэрацыі як пастаўшчыка газу на коне ў гэтай справе. У вашым лісце вы ўказваеце на непагашаныя пазыкі «Нафтагаза Украіны» як прычыну для «Газпрома» перайсці на рэжым перадаплаты, які можа — у выпадку адсутнасці аплаты — падахвочваць «Газпром» да частковага ці поўнага спынення паставак газу Украіне», - піша Барозу.
«Такое развіццё з'яўляецца прычынай сур'ёзнай занепакоенасці, паколькі яно прынясе перабоі паставак Еўрапейскаму Саюзу і іншым краінам-партнёрам і будзе датычыцца запампоўвання газу ў сховішчы ва Украіне на бліжэйшую зіму. Што датычыцца паставак у Еўропу, то хачу нагадаць аб кантрактах паміж еўрапейскімі кампаніямі і «Газпромам». Таму гэта абавязак «Газпрома» пераканацца, што агавораныя аб'ёмы газу пастаўляюцца згодна з кантрактамі», - дадае прэзідэнт Еўракамісіі.
Барозу нагадаў, што пастаўкі газу Еўрасаюзу і Украіне цесна пераплецены, і адзначыў, што ЕС гатовы абмяркоўваць, як выконваюцца кантракты, з усімі бакамі на аснове рынкавых цэн, міжнародных нормаў і правілаў з тым, каб пераканацца, што транзіт праз украінскую тэрыторыю, запампоўванне газу ў сховішчы Украіны і пастаўкі газу Украіне ажыццяўляюцца празрыстым і надзейным чынам.