Беларускіх ІП на рынках абавяжуць мець айчынныя аналагі імпартных тавараў
Беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць на рынку, плануецца абавязаць мець айчынныя аналагі той імпартнай прадукцыі, якой яны гандлююць. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч.
Міністэрства гандлю распрацоўвае адпаведныя асартыментныя пералікі, якія будуць дзейнічаць на рынку. Гэта робіцца для таго, каб у спажыўца быў выбар, «гэта значыць, калі ёсць імпартны тавар, павінен быць і айчынны», растлумачыў віцэ-прэм'ер.
Пётр Пракаповіч звярнуў увагу, што яшчэ літаральна 10 гадоў таму імпарт спажывецкіх тавараў знаходзіўся на ўзроўні 10-15 працэнтаў. У мінулым годзе гэта лічба вырасла ўжо да 30 працэнтаў. На долю харчовых тавараў у агульным аб'ёме імпарту прыпадала 32 працэнты, нехарчовай сферы рынку — 64 працэнты. Усяго за 2013 год Беларусь імпартавала спажывецкіх тавараў больш як на $7 млрд. Пры гэтым толькі 15 працэнтаў ад гэтай сумы пайшло на тавары, якія рэспубліка сёння не здольна вырабляць сама.
Атрымліваецца замкнёны круг, канстатаваў віцэ-прэм'ер. Даходы насельніцтва павышаюцца, але яны трацяцца на імпартныя тавары і паслугі, замест таго каб ісці на развіццё ўласнай эканомікі. «Таму цалкам зразумела, што кіраўнік дзяржавы паставіў задачу разарваць гэты заганны круг і працаваць такім чынам, каб мы забяспечылі канкурэнтаздольнымі таварамі і паслугамі патрэбы нашага насельніцтва», — адзначыў Пётр Пракаповіч. Калі не зрабіць гэтага цяпер, сітуацыя на валютным рынку будзе складанай, не атрымаецца забяспечыць стабільнага развіцця эканомікі ў цэлым.
Выхад з сітуацыі, якая склалася, паводле слоў віцэ-прэм'ера, павінен ажыццяўляцца ў некалькі этапаў. Першы з іх — не павялічваць долю ў агульным тавараабароце імпартных тавараў і паслуг. «30 працэнтаў — гэта больш чым дастаткова», — лічыць Пётр Пракаповіч. На другім этапе неабходна паступова зніжаць гэту долю і накіроўваць грошы, якія ёсць у насельніцтва, на развіццё ўласнага бізнесу, уласных прадпрыемстваў, эканомікі і павышэнне жыццёвага ўзроўню.