БЕЛ Ł РУС

Партрэт беларускага хакеіста. Сярэдняй рукі хакеіст можа зарабляць 2 тысячы даляраў

13.05.2014 / 13:21

Гутарыў Зміцер Панкавец

Які ён, беларускі хакеіст? Перад пачаткам чэмпіянату свету па хакеі мы паразмаўлялі з журналістам сайта by.tribuna.com Іванам Грунтовым.

фота Сяргея Гудзіліна

«Наша Ніва»: Ёсць меркаванне, што хакей — дарагі від спорту і не кожны ахвотны можа ім пачаць займацца.

Іван Грунтоў: Амаль праўда. На хакей сапраўды трэба вялікія грошы. Таму можна казаць, што хакей — элітны спорт. Разам з тым, ёсць школы, у якія можна трапіць абсалютна бясплатна, даюць экіпіроўку, вядуць некалькі гадоў маладых хлопцаў. Праўда, такіх школ няшмат.

«НН»: Хлопец з вёскі можа стаць хакеістам?

ІГ: Можа, асабліва цяпер, калі адчыняюцца лядовыя палацы ў невялікіх гарадах. Канечне, яму давядзецца купіць першыя канькі, форму. Шмат залежыць ад абставінаў, ці не надакучыць яму ездзіць у горад на трэніроўку замест таго, каб гуляць у камп’ютарныя гульні.

«НН»: Колькі каштуе камплект хакейнай дзіцячай формы?

ІГ: Прыкладна 800 даляраў. Дзіця расце хутка, форму даводзіцца мяняць.

«НН»: А чаму беларусы ідуць у хакей?

ІГ: Гэта дынамічны і цікавы спорт. Ён развівае характар, вынослівасць. Калі займацца прафесійна, то гэта абавязкова выльецца ў праблемы са здароўем. Здараецца, што да 30 гадоў спартсмен — амаль інвалід.

Але гэта не толькі праблема хакея, а ўсяго прафесійнага спорту. У нас у краіне фон вакол хакея створаны даволі негатыўны…

«НН»: Як негатыўны? Яго называюць нацыянальным відам спорту.

ІГ: Так толькі называюць… Калі прыбярэм мінскае «Дынама», дзе ёсць арэна, сродкі, заўзятары, то ў астатнім хакеі сітуацыя сумная. Клубны беларускі хакей нашмат менш папулярны за футбол. І лічбы даволі ўнушальныя.

«НН»: Людзі ходзяць на матчы беларускага хакея?

ІГ: Раней хадзілі. Цяпер праблемы з наведвальнасцю маюць нават такія гарады, як Гомель, Жлобін. На чэмпіянат усе «забілі». Усе глядзяць толькі на «Дынама» і зборную. Калі ў Жлобіне была чэмпіёнская каманда, то там хадзіла больш за 2 тысячы чалавек, цяпер каля тысячы. У Гомелі добрая каманда, някепскі палац, але цікавасць вельмі ўпала.

Такая штука, што лядовы палац і клуб — гэта не адна і тая ж структура. Таму клубы не запарваюцца наконт запаўняльнасці трыбунаў.

«НН»: У хакеі часта можна пабачыць гульцоў, якім за 40. У футболе ці баскетболе такіх няма амаль.

ІГ: Важна, як чалавек ставіцца да сябе. Як працуе, як займаецца сабой. Калі ён не дазваляе сабе лішняга, не курыць, не забівае на трэніроўкі, то ён можа гуляць і да 45 гадоў, як Ціему Сяляне ці Ярамір Ягр. Ёсць такі малады хакеіст Артур Гаўрус, ён адданы спорту, малайчына, але не шанцуе — адзін сезон выпаў праз траўму, другі. Яму цяжка будзе такога ўзросту дасягнуць.

«НН»: Хакей больш траўманебяспечны від спорту, чым футбол?

ІГ: Ды не, хаця там больш сілавой гульні, больш боек.

«НН»: Кажуць, што хакеісты ходзяць без зубоў.

ІГ: Ёсць такія. Зубы — гэта не самае страшнае. Больш страшна мець праблемы з нагамі, з пахам, з каленямі. Страсенні мазгоў — сур’ёзная праблема.

«НН»: Вы ўжо згадвалі пра кепскія звычкі. Беларускі хакеіст парушае рэжым?

ІГ: Ёсць такія прыклады. Мне не падабаецца, што гэта найперш моладзь. Цяпер ва ўсіх ёсць акаўнты ў сацыяльных сетках, і гэта можна бачыць. Людзі не спрабуюць развівацца ўсебакова, у іх няма інтарэсаў… Калі ты хакеіст, то табе трэба адпавядаць гэтаму званню. Ты не проста мордаварот, які раскідвае ўсіх на пляцоўцы і закідвае шайбы, ты — чалавек, за якім сочаць, публічная персона. Як музыка, пісьменнік, палітык.

Але добрых хлопцаў таксама многа. Яны развіваюцца, даведваюцца нешта пра жыццё.

«НН»: Пра адпачынак футбалістаў у клубе «Дазары» ходзяць легенды. А дзе тусуюцца хакеісты?

ІГ: Там жа (смяецца). Ёсць яшчэ знакаміты клуб «Овертайм».

«НН»: Беларускі хакеіст рана заводзіць сям’ю?

ІГ: Рана. Пасля 20 гадоў многія ўжо з сем’ямі. Ім, мабыць, прыемна вяртацца дадому да сям’і са складаных збораў.

«НН»: Усе ведаюць, што беларускі хакеіст зарабляе многа, але мала хто — колькі менавіта?

ІГ: Канечне, гэта вялізныя грошы для шараговых беларусаў.

У чэмпіянаце Беларусі сярэдняй рукі хакеіст можа зарабляць 2 тысячы даляраў. У КХЛ зусім іншыя сумы.

Там мінімальная планка заробкаў складае 140 тысяч даляраў у год. Столькі атрымліваюць у мінскім «Дынама». Менш нельга.

«НН»: А хакеіст чэмпіёна Беларусі «Нёмана» колькі зарабляе?

ІГ: Я б таксама хацеў ведаць (смяецца). У іх дакладна паменшылі сёлета заробкі, таму многія хочуць з’ехаць у Расію, ва Усходнюю хакейную лігу.

«НН»: Беларускі хакеіст марыць з’ехаць за мяжу? Ці яму ўсё добра дома?

ІГ: Яны едуць туды, дзе можна зарабіць. Я з большай павагай стаўлюся да хлопцаў, якія з’язджаюць у ЗША і Канаду, у мінорныя юніёрскія лігі. Гэта паказвае, што яны хочуць чагосьці дасягнуць, а не проста зрубіць бабла.

У нас 18-гадовы хакеіст свабодна можа зарабляць тысячу даляраў.

«НН»: Няўжо ў ЗША не можа?

ІГ: Не, канечне. Ён атрымае поўны пансіён, але на кішэнныя грошы — дробязь. Пакуль ён не падымецца да НХЛ ці АХЛ, грошай ён не будзе мець. Але я б не абвінавачваў тых, хто едзе ў Расію. Кожны марыць шмат зарабляць.

«НН»: Хакей называюць «палітычным» відам спорту. А хакеісты маюць грамадзянскую пазіцыю?

ІГ: Не ўсе, але ёсць і такія. Публічных крытыкаў няма. Ёсць тыя, што гуляюць за прэзідэнцкую каманду — яны, ясна, не скажуць нічога. Але ёсць і такія, што цудоўна разумеюць сітуацыю, толькі публічна не выказваюцца.

«НН»: Кім беларускі хакеіст становіцца пасля сканчэння кар’еры?

ІГ: Ці бізнэсоўцам, ці трэнерам. Бізнэсоўцам ён становіцца, бо хапае грошай, заробленых за кар’еру. У каго няма такой прадпрымальніцкай жылкі, ідуць у трэнеры.

Кавалёў, Макрыцкі, Гусаў, Скабелка — добрыя трэнеры. Бізнэсменаў я магу назваць пару імёнаў, але яны прасілі не называць. Ёсць Павел Белы, Генадзь Савілаў — гэта ўсім вядомыя прозвішчы.

«НН»: Перспектывы ў беларускага хакеіста ёсць?

ІГ: Калі ёсць жаданне, то канечне. Нават без асаблівага таленту беларускі хакеіст можа дасягнуць поспеху. Нават у мінскім «Дынама» ёсць хлопцы не таленавітыя, але ў іх ёсць мэтанакіраванасць, працаздольнасць. І яны зарабляюць добрыя грошы.

У беларускага хакеіста ёсць будучыня. Калі нехта задумвацца, ці аддаваць дзіцё ў хакей, — так, аддаваць.

***

Іван Грунтоў — хакейны аглядальнік сайта by.tribuna.com. Нарадзіўся ў 1987 у Мінску.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула