Саннікаў: У рэпрэсіях у Беларусі вінаваты старшыня МФХ Рэне Фазэль
Адзін з былых лідараў беларускай апазіцыі, экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў заявіў у Варшаве, што ўзмацненне рэпрэсій у Беларусі наўпрост звязана з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.
Рэне Фазэль разам з М. Мясніковічам праводзіць урачыстасць уздымання сцягоў краін-удзельніц у Мінску 8 мая, фота Сяргея Гудзіліна
«На жаль, сітуацыя сёння не паляпшаецца, — цытуе Андрэя Саннікава сайт «Хартыя-97».
«Нельга не ўспомніць, што рэпрэсіі распачаліся з новай сілай, асабліва ў сувязі з чэмпіянатам сьвету па хакеі. У дадатак да дзевяці палітвязняў яшчэ 32 чалавекі кінулі ў турму. Немагчыма сёння не думаць пра Змітра Дашкевіча, які нядаўна выйшаў з-за кратаў і ні за што трапіў назад у турму, пра Аляксандра Францкевіча — былога палітзняволенага, якога зноў пасадзілі за краты, пра Максіма Вінярскага, які 12 сутак трымаў галадоўку, у тым ліку і сухую. Можна таксама ўзгадаць пра тое, што ў Беларусь не ўпусцілі еўрапарламентарыя Марэка Мігальскага, які заклікаў, каб гэты чэмпіянат быў перанесены ў іншае месца. Гэтую ініцыятыву падтрымалі многія палітыкі, грамадскія дзеячы, акцёры, праваабаронцы. Усе яны звярталіся непасрэдна да кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакея. Сёння неабходна заявіць пра прамую адказнасць МФХ і яе старшыні Рэне Фазэля за тое, што адбываецца ў Беларусі. Цалкам відавочна, што ўсе апошнія падзеі наўпрост звязаныя з правядзеннем чэмпіянату ў Мінску».