Мінсельгасхарч: Сітуацыя з забеспячэннем спажывецкага рынку Мінска мясам стабільная
Сітуацыя з забеспячэннем спажывецкага рынку Мінска мясам стабільная, паведаміла прэс-служба Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання са спасылкай на інфармацыю Міністэрства гандлю і галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.
Паводле звестак Мінсельгасхарчу, за студзень—красавік 2014 года ў рознічную гандлёвую сетку краіны арганізацыямі сістэмы міністэрства рэалізавана 47,6 тыс. тон мяса, або 116% да адпаведнага леташняга перыяду, 53,2 тыс. тон птушкі, або 111%, 84 тыс. тон каўбасных вырабаў, або 105%.
Пастаўкі прадукцыі жывёлагадоўлі ў сталіцу ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з пагадненнямі, заключанымі на 2014 год паміж Мінгарвыканкамам і аблвыканкамамі.
Для забеспячэння патрэбы насельніцтва Мінска ў мясе і мясапрадуктах за студзень—красавік 2014 года з абласцей пастаўлена мяса і мясапрадуктаў у пераліку на мяса 51,2 тыс. тон (109% да леташняга ўзроўню), у тым ліку мяса (уключаючы субпрадукты 1-й катэгорыі) — 12 тыс. тон (111%). З іх паўфабрыкатаў — 6,9 тыс. тон (193%), птушкі — 15 тыс. тон (118%), каўбасных вырабаў — 20,8 тыс. тон (105%).