Бойка ля расійскага консульства ў Адэсе: ёсць параненыя і затрыманыя
Дэманстранты патрабавалі ад супрацоўнікаў дыпмісіі спусціць сцяг.
Удзельнікі акцыі спрабавалі падысці ўшчыльную да будынка прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі, каб ускласці жалобныя вянкі. На месцы падзей прысутнічалі каля двух сотняў праўкраінскі актывістаў і некалькі сотняў сілавікоў, якія адносяцца да розных падраздзяленняў, у тым ліку байцы батальёна міліцыі «Шторм» і батальёна тэрытарыяльнай абароны «Адэсы», перадае УНІАН.
Удзельнікі акцыі хацелі запатрабаваць ад дыпламатаў зняць трыкалор. Праваахоўнікі не далі ім гэтага зрабіць. Завязалася бойка, у выніку якой пацярпеў як мінімум адзін мужчына - у яго траўма галавы. Хто стаў ініцыятарам канфлікту, пакуль незразумела.
Прыкладна а 17:00 супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі чатырох удзельнікаў сённяшняй акцыі, паведамляе «Остров». Як паведаміў губернатар вобласці Ігар Паліца, у аднаго з людзей знайшлі выбухоўку і нож. Адзін з затрыманых не з'яўляецца жыхаром Адэсы. «Гэта была відавочная правакацыя, якую спыніла міліцыя», - адзначыў чыноўнік.
На месца здарэння прыбыў начальнік абласной міліцыі Іван Кацерынчук. Пацярпелага забрала хуткая дапамога, удзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца, аднак потым частка пратэстуючых - чалавек 100 - вярнуліся да будынка.