БЕЛ Ł РУС

У Беларусі плануецца развіваць электрычны грамадскі транспарт

7.10.2014 / 21:09

У Беларусі будзе зроблены ўпор на развіццё электрычнага грамадскага транспарту. Аб гэтым заявіў сёння намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксандр Шышко на круглым стале «Перспектывы развіцця транспартнай інфраструктуры горада Мінска».

«У праграме развіцця грамадскага транспарту на 2016-2020 гады мы будзем рабіць упор на электрычны транспарт: метро, тралейбусы, трамваі, электрычкі. Гэта звязана з тым, што ў Беларусі будуецца атамная электрастанцыя, мы атрымаем сваю электрычнасць, у той час як маторнае паліва пастаянна даражэе», — растлумачыў Аляксандр Шышко.

Паводле яго слоў, адна з асноўных задач, якія стаяць перад профільнымі ведамствамі, - аптымізацыя маршрутнай сеткі. «Сродкі, што выдзяляюцца на развіццё грамадскага транспарту, а гэта немалыя грошы, павінны выкарыстоўвацца разумна. Грамадскі транспарт у гарадах рэспублікі будзем развіваць на прыкладзе Мінска», — падкрэсліў намеснік міністра.

У сваю чаргу дырэктар дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў адзначыў, што ў Мінску ў першую чаргу будзе развівацца транспарт з высокай прапускной здольнасцю.

«Перш за ўсё, гэта метро. Першачарговым стане будаўніцтва трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. Таксама мы плануем развіваць трамвайны рух. На жаль, па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах цяпер гэта пытанне замарожана, але мы плануем яго ўзнавіць. Паралельна будзем займацца развіццём тралейбусных ліній», — канстатаваў Валерый Шкуратаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула