Ермакова патлумачыла, хто такі дармаед
Дармаед — гэта, перш за ўсё, чалавек, які лянуецца працаваць, мяркуе старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова.
Сваім меркаваннем яна падзялілася, адказваючы на пытанні прамой тэлефоннай лініі і анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА на тэму «Усё аб грашова-крэдытнай палітыцы Беларусі».
«Маё асабістае меркаванне, што дармаед — гэта той, хто лянуецца працаваць. Так, ёсць хатнія гаспадыні, ёсць жанчыны, якія гадуюць дзяцей, даглядаюць сям'ю. Яны жывуць за кошт даходаў мужа (хоць часам бывае і наадварот, бо жонка можа зарабляць больш за мужа). Дармаед жа, я лічу, той, хто не хоча працаваць, той, хто адбірае грошы ў бацькоў ці бабулей/дзядуляў, садзіцца на шыю сястры ці брата. Часта дзяўчаты садзяцца на шыі сваіх мужчын. Усякае бывае. Але маё меркаванне такое: дармаед — гэта той, хто не хоча сам сябе забяспечваць».
Надзея Ермакова пагадзілася з тым, што вызначыць дармаедаў не так проста. Пры гэтым змагацца з такой сацыяльнай з'явай, безумоўна, трэба.
«Вы паглядзіце, колькі пажылых людзей сыходзяць з жыцця ад таго, што не могуць мірыцца з тым, што ўнукі адбіраюць іх пенсіі, колькі п'юць людзей дапенсійнага ўзросту, якія нідзе не працуюць, але пры гэтым за нечый рахунак п'юць», — звярнула ўвагу кіраўнік Нацбанка.