БЕЛ Ł РУС

У Мінску дэманструюцца слуцкія паясы са збору Нацыянальнага музея ў Варшаве

5.11.2014 / 17:53

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава слуцкіх паясоў, якая праходзіць у межах Дзяржаўнай праграмы адраджэння старадаўняга майстэрства ткацтва. 

У экспазіцыі прадстаўлена шэсць паясоў Слуцкай мануфактуры з найбагацейшых калекцый Нацыянальнага музея ў Варшаве. Збор музея налічвае трыста кунтушовых паясоў, з якіх 58 — слуцкія. Пяць паясоў на выставе выкананы ў перыяд, калі прадпрыемствам кіравалі Ян і Лявон Маджарскія (1767—1807), адзін пояс створаны пасля 1807 года. Паясы былі набытыя музеем у прыватных асоб у 1940—1960-я гады.

Кунтушовы пояс — абавязковы аксесуар мужчынскага параднага касцюма шляхты Рэчы Паспалітай, высокі ўзор ручнога ткацтва. Па-майстэрску выкананыя шэдэўры ствараліся на працягу сярэдзіны XVIII — першай паловы XIX стагоддзя на мануфактурах, самай вядомай з якіх была Слуцкая; насілі іх звычайна паверх кунтуша — верхняй вопраткі з разрэзанымі спушчанымі рукавамі. 

Кунтушовыя паясы — унікальная з’ява нацыянальнай мастацкай культуры. Развіты мастацкі густ, прыроднае адчуванне колеру, своеасаблівая вытанчаная арнаментыка, кампазіцыйная гармонія кунтушовых паясоў ставяць іх у адзін шэраг з самымі высокімі дасягненнямі сусветнай мастацкай культуры.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула