Пуцін забараніў «фашысцкую сімволіку» і ўласаўскі сцяг?
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падпісаў 5 лістапада закон, які забараняе прапаганду ці публічную дэманстрацыю сімволікі «арганізацый, якія супрацоўнічалі з фашыстамі».
Афіцыйная фармулёўка ў законе гучыць такім чынам: «Забараняецца прапаганда ці публічная дэманстрацыя атрыбутыкі ці сімволікі арганізацый, якія супрацоўнічалі з групамі, арганізацыямі, рухамі ці асобамі, прызнанымі злачыннымі ці вінаватымі ў злачынствах у адпаведнасці з прысудам Міжнароднага ваеннага трыбуналу (Нюрнбергскага трыбунала».
Закон прадугледжвае, што будзе існаваць спіс адпаведных арганізацый, сімволіка якіх забараняецца, аднак зараз такога спісу няма.
Такім чынам, згодна з літарай закона, пад забарону можа трапіць і сучасны расійскі сцяг, які выкарыстоўваўся Расійскай вызвольнай арміяй генерала Уласава, і сучасны ваенна-марскі сцяг Расіі (Андрэеўскі сцяг), які таксама выкарыстоўваўся «ўласаўцамі».
Пад забарону фармальна трапляюць нават так званыя «георгіеўскія» стужкі, якія ў спачатку прапагандаваліся ў РФ як сімвал «перамогі савецкага народу у Вялікай айчыннай вайне», а потым сталі знакам адрознення для прарасійскіх палітычных рухаў і баевікоў.
Стужка расійскага ордэна св.Георгія шырока выкарыстоўвалася створаным пры нямецкай акупацыі Саюзам расійскай моладзі.
Наўрад ці сучасныя расейскія ўлады будуць выкарыстоўваць новыя правілы аб'ектыўна. Хутчэй за ўсё закон будзе выкарыстоўвацца выключна супраць тых арганізацый і сімвалаў, якія ў Крамлі будуць лічыцца палітычна нязручнымі.