Уганяў тралейбусы, бо ня можа бязь іх жыць
Нядаўна ўначы па Менску езьдзіў тралейбус, які за грошы падвозіў усіх ахвотных. Пасьля затрыманьня малады чалавек прызнаўся, што проста «ня можа жыць без тралейбусаў» і захапляецца імі з самага дзяцінства.
Нядаўна ўначы па Менску езьдзіў тралейбус, які за грошы падвозіў усіх ахвотных. Як аказалася, тралейбус угнаў 23‑гадовы мясцовы жыхар.
Паводле ягоных словаў, у трлейбуса «ЗИУ‑9» былі адчыненыя дзьверы, чым і скарыстаўся малады чалавек. Паезьдзіўшы нейкі час, ён «зайшоў дахаты падсілкавацца» — і зноў паехаў катацца па Менску, падвозіў пасажыраў і браў зь іх плату за праезд. Пад раніцу ўгоншчыка затрымалі: супрацоўнікі дэпо пры дапамозе міліцыі блякавалі тралейбус службовай машынай, — піша Acars.
Супраць угоншчыка ўсчатая крымінальная справа. Апроч таго, маладому чалавеку належыць прайсьці псыхіятрычную экспэртызу. Свой учынак ён патлумачыў тым, што проста «ня можа жыць без тралейбусаў» і захапляецца імі з самага дзяцінства.
Паводле словаў супрацоўнікаў РУУС, гэты малады чалавек скраў тралейбус ужо ў другі раз. Першы ўгон быў сёлета ўначы з 15 на 16 сьнежня. Угоншчык таксама ўсю ноч праезьдзіў на машыне і ўраньні пакінуў яе на другім канцы гораду.