Масавая гібель варон адзначана ў цэнтры Пінска
У гістарычным цэнтры Пінска практычна на кожным кроку ляжаць мёртвыя вароны, піша media-polesye.by. У прыватнасці, на вуліцы Леніна птушкі ляжаць і на дарозе, і на тратуарах. Кучы дохлых варон ляжаць пад елкамі і кустамі ядлоўцу ў скверах ля помніка Веры Харужай і каля стэлы воінам-вызваліцелям.
Па словах пінчукоў, птушкі нечакана падаюць з дрэваў на зямлю і некалькі хвілін б'юцца ў канвульсіях.
Мяркуюць, што птушак атруцілі. На карысць гэтай версіі сведчаць кавалкі чорнага хлеба зялёнага адцення. Нехта старанна расклаў іх пад адным з дрэваў. Папярэднія некалькі дзён птушкі аблюбавалі некалькі дрэваў па вуліцы Леніна і шумнымі зграямі кружылі над імі, забруджваючы тэрыторыю.