БЕЛ Ł РУС

Карнавал на Каляды

25.12.2007 / 10:30

Nashaniva.com

Як і шмат стагодзьдзяў раней Каляды будуць сустракаць з музыкай, тэатрам, танцамі, гумарам і рытуальным сьмехам. 25 сьнежня ў клюбе Step адбудзецца Калядны фэст. Арганізатар фэсту, лідэр гурта «Стары Ольса» Зьміцер Сасноўскі: «Задача кожнага музыкі паказаць характэрную для Калядаў барацьбу хаосу і парадку».

Паводле карнавальнай традыцыі, якую культывавалі на Каляды ў беларускіх гарадах, у адным катле будуць завараны абрадавы фальклёр, сярэднявечныя танцы, вулічны тэатар і замкавая музыка. Статуі мітычных істотаў на сцэне, даўнія строі, маскі тацораў і музыкаў створаць настрой апантанай весялосьці!

Сцэнар фэсту насычаны навінамі. Упершыню выступіць музычны склад тэатра «Яварына». «Ліцьвінскі хмель» прапануе новазасвоеныя сярэднявечныя танцы. «СтараЛітва» напісала некалькі кампазыцыяў на старабеларускія вершы і выканае іх у выглядзе шаманскіх заклінаньняў. «Келіх кола» і «Рада» выступяць з фальклёрнай каляднай праграмай. «Стары Ольса» выканае падрыхтаваныя адмыслова да Калядаў творы з «Полацкага сшытку». Тestamentum Terrae пазнаёміць з творамі нядаўна запісанага дыску і новаразыгранымі кампазыцыямі. «ЛітвінТроль» выступіць з новым гітарыстам і ўпершыню вынесе на суд грамадзкасьці некалькі новых песьняў, які зараз гурт запісвае ў студыі.

Задача кожнага музыкі паказаць характэрную для Калядаў барацьбу хаосу і парадку. Адпаведная задача і ў танцавальных гуртоў «Яварына» і «Гістрыён», якія будуць пэрыядычна пераводзіць публіку з хаосу ва ўпарадкаваныя танцы і наадварот. Арганізатары чакаюць такіх жа асэнсавана‑хаатычных паводзінаў і ад наведвальнікаў!

Калядны фэст пачнецца а 18‑й гадзіне 25 сьнежня ў клюбе Step (вул. Прытыцкага, 62; ст. мэтро «Кунцаўшчына»). Квіткі на ўваходзе. Замова квіткоў: (029) 649‑08‑88 (Віталь).

Зьміцер Сасноўскі, Тузін Гітоў

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула