Статкевіч этапаваны з магілёўскай турмы ў шклоўскую калонію
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч пераведзены з магілёўскай турмы № 4 у шклоўскую калонію № 17.
Аб гэтым БелаПАН паведаміла жонка апазіцыйнага палітыка Марына Адамовіч. Паводле слоў Адамовіч, у магілёўскай турме ёй паведамілі, што Статкевіч быў этапаваны 12 студзеня.
58-гадовы Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі, які дагэтуль знаходзіцца ў няволі, ён асуджаны на шэсць гадоў. Яму неаднаразова прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.