БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка: Адпрацуй спачатку, а потым звяртайся па пенсію

13.01.2015 / 13:30

Аляксандр Лукашэнка не выключае магчымасці далейшага павелічэння мінімальнага працоўнага стажу для прызначэння працоўных пенсій.

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе, дзе абмяркоўваліся меры па ўключэнні ў працоўную дзейнасць непрацуючых грамадзян.

У гэтым кірунку, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у краіне ўжо прыняты шэраг рашэнняў. «Па-першае, павялічаны мінімальны працоўны стаж для прызначэння працоўных пенсій з 10 да 15 гадоў. Мы прынялі гэтае рашэнне. І мы дамовіліся аб тым, што гэта — першы крок.

Магчыма, і не 15, а 20 гадоў. Адпрацуй — потым звяртайся па пенсію. Але пакуль — 15 гадоў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, на 5 гадоў павышаны ўзрост для звароту па мінімальную сацыяльную пенсію пры адсутнасці патрабаванага стажу працы.

«Паглядзім у будучыні, можа, і тут дадаткова зробім пэўныя крокі. Гэта дазволіць адсунуць прызначэнне пенсіі тым, хто па жыцці ніякага ўкладу ў эканоміку не ўнёс.

Няхай гэтая сацыяльная пенсія і невялікая, але калі паглядзець у цэлым, то гэта мільярды рублёў, а ў гадавым вылічэнні, можа, і трыльёны», — заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы лічыць правільным прынятае рашэнне пра ўзмацненне ўплыву працягласці працоўнага стажу на памер прызначанай пенсіі.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў вырашаць праблемы эфектыўнай працоўнай занятасці, не адкладваючы гэтыя пытанні ў доўгую скрыню. На гэта, у прыватнасці, накіраваны праект адпаведнага дэкрэта кіраўніка дзяржавы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула