Bloomberg: З бліжняга кола Пуціна выйшлі мільярдэры
Блізкае кола Уладзіміра Пуціна звузілася з некалькіх дзясяткаў паплечнікаў да невялікай групы супрацоўнікаў спецслужбаў і сілавікоў, аб'яднаных падтрымкай расейскай палітыкі ў дачыненні Украіны. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дзве крыніцы, якія агенцтва называе «даўнімі таварышамі» кіраўніка дзяржавы.
Крыніцы папрасілі захаваць іх ананімнасць, «каб пазбегнуць рэпрэсій».
«Уладзімір Пуцін злуе не толькі лідараў ад Берліна да Вашынгтона. Ён таксама раздражняе некаторых з сваіх найбагацейшых сяброў, адмахваючыся ад іх заклікаў пакласці канец канфлікту ва Украіне і падвяргаючы астракізму ўсіх, акрамя жменькі прыхільнікаў жорсткай лініі», — адзначае агенцтва.
Па словах суразмоўцаў Bloomberg, Пуцін становіцца больш падазроным па адносінах да людзей, якія зарабілі багацце, дзякуючы сувязі з ім і найбольш пацярпелі ад санкцый.
Адна з крыніц агенцтва заявіла, што блізкія да Пуціна бізнэсмэны разумеюць свае абавязацельствы і імкнуцца не крытыкаваць яго публічна, аднак не жадаюць, каб яго амбіцыі знішчылі іх багацце.
Прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Пяскоў сказаў, што не ведае пра незадаволенасць членаў найбліжэйшага атачэння Пуціна яго палітыкай па Украіне. Мільярдэр Генадзь Цімчанка праз сваіх прадстаўнікоў адмовіўся каментаваць пазіцыю расійскага прэзідэнта па ўкраінскім пытанні. Прадстаўнік мільярдэра Аркадзя Ратэнберга заявіў, што няправільна казаць пра тое, што бізнэсмэн крытыкуе палітыку Пуціна. Прэс-служба Барыса Ратэнберга на запыт аб каментарах не адказала.
Цэнтральную групу атачэння Пуціна складаюць сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў, кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў, кіраўнік Службы замежнай выведкі Міхаіл Фрадкоў і міністр абароны Сяргей Шайгу, лічыць дырэктар расійскага Інстытута палітычных даследаванняў Сяргей Маркаў. Бізнесмены, якія доўга былі блізкія да Пуціна, цяпер апынуліся «на перыферыі», адзначыў палітолаг.
Першы віцэ-прэм'ер Ігар Шувалаў напярэдадні заявіў на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, што любы замежны ціск на Расею, у тым ліку скіраваны на змену лідара, толькі згуртуе расейцаў. «Калі мы будзем адчуваць, што камусьці звонку захочацца памяняць нашага лідара і гэта не наша воля, што гэты ўплыў на нашу волю, мы будзем адзіныя як ніколі», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, расеец, адчуваючы любы ціск звонку, «ніколі не аддасць свайго лідара» і вытрымае любыя пазбаўлення, у тым ліку будзе «менш спажываць прадуктаў, менш электрычнасці <…>, яшчэ нейкія рэчы, да якіх мы ўсе прывыклі».