Дэпутатка Дзярждумы РФ абвясціла вывучэнне замежных моў «пагрозай традыцыям»
Дэпутатка Дзярждумы Ірына Яравая заявіла, што расейская сістэма адукацыі «заточаная пад вывучэнне замежнай мовы», паведамляецца на сайце «Единой России».
ТАСС
«І як мы хочам у такіх умовах захаваць нашы традыцыі?» — абурылася Яравая. Яна раскрытыкавала ідэю міністэрства адукацыі ўвесці абавязковы ЕГЭ па замежнай мове і дадаць другую абавязковую мову ў школьную праграму.
«За час навучання ў нашай школе дзіця вывучае расейскую мову ў аб'ёме 866 гадзін, а замежныя — 939 гадзін. Пры гэтым Мінадукнавукі збіраецца ўвесці яшчэ і абавязковы ЕГЭ па замежных мовах, а таксама вывучэнне другой замежнай. Грамадзян якой краіны мы гадуем?» — пытаецца дэпутатка.
Яна таксама заявіла, што цяперашні дзяржаўны адукацыйны стандарт робіць стаўку на «чужы расійскай матрыцы асабісты поспех выпускнікоў», а не на выхаванне маральных каштоўнасцяў. Ірына Яравая таксама абурылася вялікай колькасцю падручнікаў у Расіі.