БЕЛ Ł РУС

Астраномы адкрылі чорную дзіру масай у 12 млрд Сонцаў

26.02.2015 / 12:28

Аляксандр Арсёнаў

Чорная дзіра ў сузор’і Рыб, верагодна, была часткай самага вялікага і яскравага квазару ў раннія эпохі Сусвету.

Чорная дзіра ў фільме «Інтэрстэлар»

Міжнародная група астраномаў адкрыла надзвычай вялікую чорную дзіру ў квазары SDSS J0100+2802, што ў 12,8 млрд светлавых год ад Зямлі. Пра адкрыццё распавядае часопіс Nature.

Квазар узнікну праз 900 млн год пасля Вялікага выбуху, калі святло першых зорак толькі асвяціла Сусвет. Маса чорнай дзіры ў квазары ацэньваецца ў 12 млрд мас Сонца, а святло квазара — у 420 трыльёнаў раз больш яскравае за Сонца.

Знойдзеная чорная дзіра здзівіла астраномаў сваімі памерамі і ўзростам ды паставіла пад сумнеў сучасныя тэорыі фармавання чорных дзір.

Яна не ёсць самай масіўнай з вядомых чорных дзір — напрыклад, чорная дзіра ў цэнтры галактыкі NGC1277 мае масу ў 20 млрд Сонц. Але яе ўзрост выклікае пытанне — як звышмасіўная чорная дзіра магла ўзнікнуць і так хутка вырасці ў часы, калі толькі пачалася цяперашняя эра рэчыва? Калі верыць сучасным тэорыям, яна не паспела бы захапіць столькі газу і пылу за такі кароткі час.

Даследаванне чорнай дзіры працягнецца з дапамогай касмічных абсерваторый «Хабл» і «Чандра» ды магутных тэлескопаў. Загадкавы аб’ект можа патлумачыць навукоўцам механізмы фармавання чорных дзір і іх узаемадзеяння з навакольным рэчывам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула