Кангрэс ЗША прыняў рэзалюцыю з заклікам даць Украіне смяротную зброю
23 сакавіка палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю, якая заклікае прэзідэнта Барака Абаму прадаставіць Украіне смяротнае абарончае ўзбраенне.
Рэзалюцыю падтрымалі 348 кангрэсменаў, супраць выступілі 48 заканадаўцаў, гаворыцца на сайце палаты прадстаўнікоў.
У дакуменце кангрэсмены абедзвюх партый ЗША заклікаюць Абаму аказаць Украіне ваенную дапамогу, каб яна магла абараніць свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць.
Аўтары дакумента сцвярджаюць, што існаванне незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай Украіны знаходзіцца ў нацыянальных інтарэсах Злучаных Штатаў Амерыкі.
Пры гэтым у дакуменце адзначаецца, што Расійская Федэрацыя пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пуціна з дапамогай палітычнай, эканамічнай і ваеннай агрэсіі спрабуе падарваць незалежнасць Украіны і парушае тэрытарыяльную цэласнасць краіны.
Кангрэсмены адзначаюць, што расійская агрэсія ўключае ў сябе незаконную анексію Крыма, стварэнне і кантроль сепаратысцкіх груповак у іншых абласцях Украіны, уключаючы пастаўкі ім смяротнага ўзбраення.