Беларус прэтэндуе на званне найлепшага футбаліста Польшчы ў сакавіку
Такое званне можа атрымаць Іван Маеўскі, які гуляе за «Завішу» з Быдгашчы.
Беларускі паўабаронца футбольнага клуба «Завіша» з Быдгашчы Іван Маеўскі намінаваны на званне лепшага футбаліста сакавіка ў чэмпіянаце Польшчы.
Як піша by.tribuna.com, гэта сумесны праект Экстракласы, спартыўнага выдання «Przegląd Sportowy» і партала Onet.pl. Найлепшага гульца месяца выберуць капітаны клубаў чэмпіянату Польшчы, а 17-ы голас застанецца за інтэрнэт-карыстальнікамі.
Галасаванне працягнецца да 31 сакавіка на парталах przegladsportowy.pl, ekstraklasa.tv і eurosport.onet.pl.
Пераможца атрымае спецыяльна распрацаваную для гэтай намінацыі статуэтку перад матчам бліжэйшага тура.
Дарэчы, у складзе зборнай Беларусі Іван Маеўскі дэбютаваў у матчы кваліфікацыі Еўра-2016 супраць Македоніі.