Яшчэ адзін прызыўнік патрабуе беларускамоўнай службы
Сьледам за Жалезьнічэнкам гэта робіць студэнт Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Юрась Алейнік.
Хлопец вучыўся на факультэце дзяржаўнага кіраваньня эканомікай Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце, але 15 траўня яго адлічылі з ВНУ. Афіцыйная прычына — «сыстэматычныя парушэньні вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку». Сам хлопец лічыць, што гэта было зьвязана зь ягонай грамадзкай пазыцыяй.
Юрась доўгі час спрабаваў адстаяць свае правы ў судах, аднак прадстаўнікі Фэміды ня сталі на бок адлічанага студэнта. Урэшце, восеньню Алейнік зьехаў у Маскву, каб працягнуць вучобу ў Дзяржаўным унівэрсытэце "Вышэйшая школа эканомікі".
Нядаўна хлопцу прыйшла павестка зьявіцца ў маладэчанскі ваенкамат, каб прайсьці мэдычны надгляд для прызыву ў войска. Камісію ў Маладэчне Алейнік прайшоў, але яго накіравалі на дадатковае абсьледаваньне ў Менск.
У ваенкамат Юрась прыехаў зь лістом ад кіраўніка Савету замежнай і абароннай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі Сяргея Караганава, які адначасова зьяўляецца і дэканам факультэту ўсясьветнай эканомікі і міжнароднай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі, дзе навучаецца Юрась Алейнік. Караганаў просіць даць хлопцу адтэрміноўку, і прызваць яго ўжо пасьля сканчэньня курсу навучаньня.
«У ваенкамаце мне заявілі, што ніякіх падставаў даваць мне адтэрміноўку ў іх няма, — кажа Ю.Алейнік. — Сказалі, што ў зімовы прызыў я ўжо не трапляю па тэрмінах, таму нацягнуць боты давядзецца летам».
Алейнік спадзяецца, што справу ўсё ж атрымаецца вырашыць мірна. «Калі не, то буду патрабаваць службы ў беларускамоўнай частцы, як гэта ўжо рабіў Зьміцер Жалезьнічэнка. Гэта ўжо ня будзе прэцэдэнт, а будзе тэндэнцыя зь якой уладам давядзецца лічыцца», — кажа Ю.Алейнік.