БЕЛ Ł РУС

«Стары Ольса» зьбеларусізаваў Маскву

4.02.2008 / 17:24

Міхась Невяртанскі, Масква

Слынны беларускі гурт меў вялікі посьпех на прафэсійнай пляцоўцы ў Маскве. З. Сасноўскі: «Такое адчуваньне, што выступалі ў Менску - столькі нацыянальных сьцягоў былі ў залі і столькі сядзела беларускамоўных».

31 студзеня ў самым цэнтры расейскае сталіцы, у клюбе «Plan B» адбыўся канцэрт гурта «Стары Ольса» пад назвай «Фолк‑Безумие».

Першы выступ беларускага гурта ў Маскве на прафэсійнай пляцоўцы быў адзначаны аншлягам. Усе квіткі былі прададзены даўно загадзя, а сярод прысутных было вельмі шмат знаных прадстаўнікоў беларускае дыяспары. Дарэчы, запрашэньнем гасьцей займалася Згуртаваньне беларусоў сьвету «Бацькаўшчына», з дапамогай беларускіх ініцыятываў Масквы.

Зьміцер Сасноўскі кажа:

«Паглядзеўшы колькі сабралося прыхільнікаў, вырашылі канцэрт весьці па‑беларуску. І хаця мы выступаем першы раз у Маскве, з‑за таго як прыняла нас публіка, як прасілі выканаць столькі нашых песьняў, было адчуваньне, што мы не ў Маскве даем канцэрт, а ў Менску. На канцэрце ў зале луналі бел‑чырвона‑белыя сцягі». Вядомыя песні «Ольсаў» падхопліваліся і сьпяваліся залай. Гурт таксама выканаў шмат новых кампазыцый, якія віталіся публікай.

Між іншым, па выніках канцэрту было падпісана сем кантрактаў на выданьне дыскаў для расейскага слухача, а таксама заплянаваны наступны канцэрт, які адбудзецца 16 сакавіка. Месца канцэрту пакуль яшчэ не вядома, але ў плянах музыкаў сабраць яшчэ большую залю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула