Зьбеглы з «хіміі» чатыры месяцы хаваўся ў зямлянцы ў цэнтры Гомеля
Ён глядзеў тэлевізар, слухаў радыёпрыёмнік, чытаў кнігі, гатаваў сабе ежу пры дапамозе імправізаванай электрапліты. Мужчына быў чыста апрануты, паголены, добра выглядаў.
Як паведаміў БелаПАН начальнік прэс‑службы УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Грышкевіч, у зямлянку збеглы правёў электрычнасць і каналізацыю. «Злачынца глядзеў тэлевізар, слухаў магнітафон і радыёпрыёмнік, чытаў кнігі. Ён гатаваў сабе ежу пры дапамазе імправізаванай электрапліты з падэшваў прасаў, ваду для мыцця падаграваў кіпяцільнікам. На фанерных сценках былі акуратна развешаныя чарпакі, іншы посуд. Відаць, усё гэта ён здабываў з кантэйнераў для смецця. Мужчына быў чыста апрануты, паголены, добра выглядаў. Пры затрыманні ўцякач не супраціўляўся. На пытанне, навошта ўцёк, адказаў проста: на «хіміі» стала сумна», — сказаў І.ГрышкевІч.
Інфармацыя аб прыкладным месцазнаходжанні злачынцы з\’явілася ў аператыўнікаў у студзені. Уцекача ўжо спрабавалі затрымаць у раёне яго жылля, на беразе ракі Сож — на гэты раз ён скокнуў у праталіну і знік пад ільдом. Зямлянка была добра замаскіраваная, і знайшлі яе міліцыянеры не адразу. Калі ўваход быў знойдзены, супрацоўнікі выбілі дзверы. Злачынца знаходзіўся ўнутры.
Мужчына родам з Буда‑Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, мае сярэднюю тэхнічную адукацыю, не жанаты. Быў тройчы судзімы, усе тры разы адбываў пакаранне за крадзеж. У ПУАТ № 17 прыбыў пад нагляд у кастрычніку 2006 года, на волю злачынца павінен быў выйсці ў маі 2009 года. Мужчына быў працаўладкаваны рознарабочым да індывідуальнага прадпрымальніка, 30 верасня мінулага года ён не вярнуўся ва ўстанову пасля звальнення ў горад і быў аб’яўлены ў рэспубліканскі вышук.
7 лютага пасля затрымання збеглы быў дастаўлены ў АУС Чыгуначнага раёна Гомеля і змешчаны ў следчы ізалятар. Распачата крымінальная справа. Мужчыне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.