ЕГУ: Полік падпісаў кантракт, але мае права на прэмію 30 тысяч еўра звыш заробку
Дэвід Полік. Фота The Birmingham News.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», новы рэктар ЕГУ Дэвід Полік дагэтуль не падпісаў кантракта з універсітэтам і атрымлівае нашмат большы заробак па мінулым кантракце. Тое, што падобная сітуацыя мае месца ва ўніверсітэце, у сераду «Нашай Ніве» пацвердзіў кіраўнік (Chief of Staff) офіса генеральнага сакратара Паўночнай Рады ў Вільні Кенэт Броман (Паўночная Рада кіруе даверным фондам ЕГУ).
Аднак сёння прэс-служба ЕГУ абвергла інфармацыю аб тым, што Полік дагэтуль не падпісаў кантракт і атрымлівае заробак вышэйшы за прадугледжаны.
«Інфармацыя, якая з'явілася 17 чэрвеня ў беларускіх медыя, няправільная. На самой справе, новая дамова з праф. Дэвідам Полікам была падпісаная 3 красавіка 2015 г. Згодна з гэтай дамовай, заробак Рэктара ЕГУ будзе складаць 5000 еўра ў месяц. Кіраўнічая Рада ЕГУ пакідае за сабой права выплаціць Рэктару ЕГУ дадатковую прэмію ў памеры да 30 000 еўра за год пасля 12 месяцаў працы», — цытуецца ў паведамленні заява доктара Даніэля Таршыса, старшыні Кіраўнічай рады ЕГУ.
Кенэт Броман пацвердзіў «Нашай Ніве», што ён таксама мае інфармацыю, што кантракт падпісаны.