БЕЛ Ł РУС

Скрадзены з «Еўраопта» кошык каштаваў жыхару Магілёва 32 млн рублёў

9.07.2015 / 13:21

Аляксандр Арсёнаў

Сабекошт такога кошыка — 35 тысяч.

Пластыкавы кошык вытворчасці расійскага завода «Альтэрнатыва». Фота з афіцыйнага сайта завода

За адкрыты крадзеж маёмасці з пагрозай гвалту 49-гадовы магілёвец атрымаў 32,4 млн рублёў штрафу. Маёмасцю быў пластыкавы кошык з крамы, паведамляе Mogilevnews.by.

Мужчына закупаўся ў «Еўраопце», выйшаў з крамы з кошыкам і паклаў яго разам з пакупкамі ў багажнік свайго аўто. Тое пабачыў ахоўнік і папрасіў вярнуць кошык. Мужчына заявіў, што кошыка не мае, адмовіўся адчыняць багажнік і ледзь не пераехаў ахоўніка.

Хаця ахоўнік перагарадзіў дарогу пазадарожніку мужчыны, злачынца пачаў з’язджаць са стаянкі. Ахоўнік паспеў адскочыць.

Суд кваліфікаваў дзеянні мужчыны, як адкрыты крадзеж маёмасці з пагрозай гвалту, што не несла небяспекі для жыцця і здароўя пацярпелага. Парушальнік пагадзіўся з пакараннем і ўжо выплаціў штраф.

Раней мужчына, які працуе намеснікам дырэктара прыватнай фірмы, не трапляў у поле зроку міліцыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула