«МТС» пераносіць тэрміны ўвядзення адзінага тарыфу на званкі ва ўсе сеткі
Мабільны аператар «МТС» па тэхнічных прычынах пераносіць тэрміны ўвядзення адзінага тарыфу на званкі ва ўсе сеткі. Пра гэта гаворыцца на сайце кампаніі.
Раней планавалася ўкараніць паслугу з 16 ліпеня. Новыя тэрміны пакуль не паведамляюцца.
Як паведамлялася, новая паслуга прадугледжвае ўвядзенне адзінай цаны на званкі ўнутры сеткі і на нумары іншых аператараў. «Гэта ліквідуе ўмоўнае дзяленне на свае і чужыя сеткі, якое склалася за доўгія гады, паспрыяе таму, што мабільная сувязь у нашай краіне стане яшчэ больш даступная, а таксама істотна ўзмоцніць канкурэнцыю сярод мабільных кампаній. Дзеянні аператара з'яўляюцца адказам на запыты і патрэбнасці абанентаў», — тлумачылі ў «МТС».
Адзіны тарыф не распаўсюджваецца на міжнародныя выклікі і званкі на кароткія нумары.