ЦВК: Шанцаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Статкевіча няма
Цэнтрвыбаркам прыме дакументы ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, але шансаў на рэгістрацыю няма, заявіў БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
Плануецца, што дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітзняволенага Мікалая Статкевіча будуць перададзены ў Цэнтрвыбаркам сёння, 16 ліпеня.
«Па сутнасці справы, заява — гэта як зварот грамадзян. Заяву мы абавязаны прыняць, вывучыць, разгледзець і адказаць у афіцыйным парадку па сутнасці», — сказаў Лазавік. Таму, дадаў ён, заява аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча «будзе прынята, як і ў астатніх асоб, якія звярталіся або будуць звяртацца з просьбай у ЦВК».
Аднак, падкрэсліў Лазавік, зарэгістраваць групу Статкевіча не дазваляе выбарчае заканадаўства. «Ні ў воднага чалавека, які кіруецца нормамі закона, не ўзнікае сумненняў, што ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча будзе адмоўлена, — мяркуе сакратар ЦВК. — Нават той, хто кіруецца нейкімі палітычнымі меркаваннямі, разумее, што ў рэгістрацыі будзе адмоўлена. Але яму гэта трэба зрабіць, каб ажыццявіць гэта з пункту гледжання піяру асобы, ад імя якой ён выступае».
Лазавік нагадаў, што ў адпаведнасці з арт. 60 Выбарчага кодэкса «кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь не могуць быць вылучаны грамадзяне, якія не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь займаць пасады ў дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях у сувязі з наяўнасцю судзімасці».