БЕЛ Ł РУС

Памёр знакаміты амерыканскі пісьменнік Эдгар Дактароу — з сям'і эмігрантаў з Мінскай губерні

22.07.2015 / 08:13

Амерыканскі пісьменнік, аўтар раманаў «Рэгтайм» і «Білі Батгейт» Эдгар Лорэнс Дактароу памёр у нью-ёркскай бальніцы на 85-м годзе жыцця.

Прычынай смерці сталі ўскладненні, выкліканыя ракам лёгкага.

NY Times

У сваіх творах Дактароу пераасэнсоўваў амерыканскі досвед, змяшчаючы выдуманых персанажаў у вядомы гістарычны кантэкст. «Гісторыя — гэта сапраўднае. Таму кожнае пакаленне піша яе нанова», - казаў ён.

Эдгар Дактароу нарадзіўся ў 1931 г. у Бронксе (Нью-Ёрку) у сям'і дзяцей яўрэйскіх эмігрантаў з Мінскай губерні.

За сваю 50-гадовую пісьменніцкую кар'еру Эдгар Лорэнс Дактароу напісаў 10 раманаў. Самыя вядомыя з іх: «Рэгтайм» (1975) - пра Нью-Ёрк пачатку XX стагоддзя і аб асэнсаванні амерыканскім грамадствам вытокаў сваёй сучаснай гісторыі, «Білі Батгейт» (1989) — пра Нью-Ёрк 1930-х — і «Марш» (2005) пра Грамадзянскую вайну ў ЗША.

Тры раманы Дактароу, у тым ліку «Рэгтайм», былі экранізаваныя.

Ён таксама выдаў адну п'есу, два зборнікі кароткіх апавяданняў і шматлікія эсэ і каментары на тэму літаратуры і палітыкі.

У мінулым годзе, пры ўручэнні яму прэміі Бібліятэкі кангрэса ЗША ў галіне мастацкай літаратуры, Дактароу назвалі «амерыканскім Чарльзам Дзікенсам».

Прэзідэнт ЗША Барак Абама назваў Эдгара Лорэнса Дактароу «адным з найвялікшых амерыканскіх раманістаў». «Яго кнігі многаму мяне навучылі. Нам будзе яго бракаваць», - напісаў Абама ў твітары.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула