«Начныя ваўкі» зноў прыехалі ў Беларусь
Расійскія байкеры з клуба «Начныя ваўкі» 10 жніўня прыехалі ў Брэст, каб даць старт мотапрабегу «Дарогі Перамогі. На Севастопаль».
Мотапрабег стартуе з пяці гарадоў — Брэста, Санкт-Пецярбурга, Казані, Масквы і Алматы. Закончыцца ў Севастопалі, дзе 21 жніўня адбудзецца ХХ Міжнароднае байк-шоу «Севастопаль. Кузня Перамогі».
Раніцай 11 жніўня еўрапейская калона з двух дзясяткаў матацыкаў з прадстаўнікамі Германіі, Аўстрыі, Галандыі, Сербіі, Славакіі і Расіі адправіцца ў шлях. «Начныя ваўкі» плануюць за дзень праехаць усю Беларусь і больш ніякіх мерапрыемстваў на тэрыторыі нашай краіны праводзіць не наважаныя. У панядзелак прадстаўнікі «Начных ваўкоў» далі прэс-канферэнцыю ў консульстве Расіі ў Брэсце і наведалі Брэсцкую крэпасць, дзе ўсклалі вянок і ад супрацоўнікаў мемарыялу атрымалі жменю брэсцкай змялі, якую адвязуць на магілу абаронца Брэсцкай крэпасці ў Інгушэцію.
«Гэта апошняя наша буйная акцыя ў гэтым годзе, — паведаміў прэзідэнт аддзялення «Дарогі Перамогі» мотаклуба «Начныя ваўкі» Андрэй Баброўскі на прэс-канферэнцыі. — Гэтым разам мы запрасілі нашых сяброў з Еўропы і хочам ім паказаць Расію. Наогул у мотапрабегу плануюць удзельнічаць прыблізна 200 чалавек. Зараз назіраюцца пэўныя крызісныя моманты, і рашэнне выбрацца ў такі шлях даецца вельмі няпроста. У наступным годзе мы плануем ажыццявіць мотапрабег у Кітай».
Адказваючы на пытанне карэспандэнта БелаПАН, чаму «Начныя ваўкі» так часта прыязджаюць у Беларусь, Баброўскі сказаў: «Тут шмат прычын. Пачнем з таго, што я сам з Беларусі. Гэта транзітная краіна, адсюль мы можам трапіць у Еўропу, я наогул не дзялю Беларусь і Расію, для мяне гэта практычна адна краіна. І мы не хочам весціся на розныя правакацыі. Тут, у Брэсце, легендарная Брэсцкая крэпасць, тут пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзеля памяці мы тут, і гэта не трэба забываць».
«Няма ніякіх падводных плыняў у тым, што мы едзем у Крым, мотафестываль у Севастопалі існуе ўжо больш за шэсць гадоў, — заявіў Баброўскі. — Як няма перадумоў называць наш клуб «Начныя ваўкі» праектам Крамля. Клуб быў створаны ў 1989 годзе, але, безумоўна, падтрымліваем нашага прэзідэнта, я сам асабіста галасаваў за Уладзіміра Пуціна і лічу, што неабходна падтрымліваць законна абраную ўладу, інакш гэта цягне вельмі нядобрыя рэчы».
Нагадаем, у Брэсце сёлета няўдала завяршыўся іншы мотапрабег маскоўскага мотаклуба — «Дарогі Перамогі», у межах якога «Начныя ваўкі» планавалі з 25 красавіка па 9 мая праехаць з Масквы ў Берлін цераз Мінск, Брэст, Вроцлаў, Брно, Браціславу, Вену, Прагу, Мюнхен і іншыя еўрапейскія гарады.
Планы расійскіх байкераў выклікалі негатыўную рэакцыю ў краінах, якія яны мелі намер наведаць, МЗС Польшчы адмовіла групе расійскіх матацыклістаў ва ўездзе. 27 красавіка «Начных ваўкоў» не пусцілі на тэрыторыю Польшчы, а кіраўніку групы Андрэю Баброўскаму анулявалі візу. 28 красавіка праект «Дарогі Перамогі. На Берлін» быў фактычна згорнуты.