«Беларускі кнігазбор» выдаў зборнік Кандрата Крапівы
У 630‑старонкавы зборнік уключаны найлепшыя вершы і байкі Крапівы, яго камэдыі, апавяданьні, няскончаны сацыяльна‑бытавы раман «Мядзьведзічы», а таксама публіцыстычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы.
Кандрат Крапіва |
У Менску ў сэрыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў зборнік выбраных твораў народнага пісьменьніка Беларусі Кандрата Крапівы (Кандрат Кандратавіч Атраховіч, 05.03.1896, вёска Нізок Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці — 07.01.1991).
Як паведаміў БелаПАН старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднаньня «Беларускі кнігазбор» і галоўны рэдактар сэрыі, пісьменьнік, кандыдат гістарычных навук Кастусь Цьвірка, у 630‑старонкавы зборнік уключаны найлепшыя вершы і байкі Крапівы, яго камэдыі «Хто сьмяецца апошнім», «Мілы чалавек» і «Брама неўміручасьці», апавяданьні, няскончаны сацыяльна‑бытавы раман «Мядзьведзічы», а таксама публіцыстычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы. Акрамя таго, у кніжку ўвайшоў блёк фотаздымкаў і лісты да дзеячаў культуры, у тым ліку да Міхася Лынькова, Леаніда Рахленкі, Ільі Гурскага, Алеся Махнача і Вісарыёна Гарбука. Укладальнікам тома, аўтарам прадмовы і камэнтара зьяўляецца пісьменьнік, кандыдат гістарычных навук Серафім Андраюк.
Кнігу накладам 2 тыс. асобнікаў выпусьціла сталічнае выдавецтва «Беларуская навука». Прыкладны кошт зборніка — 30 тыс. рублёў.
У набліжэйшых плянах рэдакцыі сэрыі — выданьне выбраных твораў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, грамадска‑палітычнага дзеяча, выдаўца, гісторыка, публіцыста, літаратуразнаўца і каталіцкага сьвятара Адама Станкевіча, а таксама зборніка беларускіх варыянтаў эўрапейскіх вандроўных сюжэтаў «Гістарычны і рыцарскі раман».
Усяго за 12 гадоў выдадзена 42 кнігі сэрыі, якая павінна скласьці 200 тамоў.