БЕЛ Ł РУС

У Магілёве адзначаць 90 гадоў БНР па‑свойму

10.03.2008 / 11:29

Nashaniva.com

Шэсьцем, футболам ды вечарынай.


У межах сьвяткаваньня 90‑х угодкаў БНР у Магілёве плянуецца правядзеньне шэрагу мерапрыемстваў.

Старшыня аргкамітэту па сьвяткаваньню 90‑х угодкаў БНР у Магілёве Віталь Макаранка прапаноўвае ўсім магілёўцам далучыцца да мерапрыемстваў, якія будуць ладзіць дэмакратычныя сілы гораду.

«Мы ўжо падалі заяўку на правядзеньне мітынга‑шэсьця на 23 сакавіка, — гаворыць сп. Віталь, — акрамя гэтага мы будзем праводзіць спартовы турнір па міні‑футболу сярод аматарскіх камандаў горада і шырока распаўсюджваць літаратуру пра Беларускую Народную Рэспубліку. Вечарам 25 сакавіка будзе арганізавана вечарына з бардаўскім канцэртам для моладзі. Акрамя гэтага будзе праводзіцца яшчэ некалькі мерапрыемстваў, пра якія я пакуль не хачу распаўсюджвацца».

«Усе хто жадае масава адзначыць гэтае сьвята, — працягвае Віталь, — могуць паехаць у Менск і прыняць удзел у мітынгу, а тыя хто ня хочуць ехаць куды‑небудзь і далучацца да нашага фармату мерапрыемстваў хай ладзяць свае. У любым выпадку ў гэты дзень нельга быць абыякавым да гэтай падзеі».

Са словаў Віталя Макаранкі Дзень Волі — гэта сьвята адраджэньня Дзяржавы і таму ён прапаноўвае ў гэты дзень праявіць як мага больш вынаходлівасьці і ініцыятывы ў сьвяткаваньні гэтага сьвята.

Нагадаем, што ў мінулым годзе на Дзень Волі прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі ўскладалі бел‑чырвона‑белыя кветкі да будынку цяперашняга магілёўскага абласнога краязнаўчага музею горада. У далёкім 1918 годзе ў гэтым доме праходзіў гарадзкі сход, у якім прымала ўдзел каля 400 дэлегатаў і якія амаль аднагалосна прызналі і падтрымалі ўрад БНР.

Вітольд Няўрыда, «Наш Магілёў»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула