БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка прыгразіў апазіцыі: «Выбары заканчваюцца сёння ў 20 гадзін». «Я ведаю ўсіх апазіцыянераў, іх 400 чалавек з 10 мільёнаў»

11.10.2015 / 12:49

Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у галасаванні на выбарчым участку № 1 Цэнтральнага раёна Мінска. Размаўляючы з журналістамі, дзеючы прэзідэнт заклікаў апазыцыю «жыць па законе».

«Нават калі яны ўчора ў парушэнне нашых законаў выйшлі — там не было ніводнага міліцыянта. Я жорстка запатрабаваў — не чапайце нікога да выбараў. Выбары заканчваюцца сёння ў 20 гадзін. Я папярэджваю — пачынайце жыць па законе!», — cказаў ён.

Ён таксама адзначыў, што ведае ўсіх апазіцыянераў, «іх 400 чалавек з 10 мільёнаў».

«Яшчэ раз папярэджваю — выбары заканчваюцца ў 20 гадзін. Выконвайце закон», — прыгразіў ён.

Лукашэнка таксама нагадаў, што ў апазіцыі ёсць месцы, дзе ім не забаронена збірацца. Ён паабяцаў гранты ў апазіцыі не адбіраць, але народу распавядаць, адкуль грошы.

Лукашэнка таксама закрануў тэму санкцыяў, падкрэсліўшы, што яны «не супраць Лукашэнкі, а супраць Беларусі».

«Пра санкцыі — радуйцеся, калі здымуць санкцыі — яны пераканаліся, што санкцыі на шкоду, а Беларусь — прыстойная дзяржава!», — заявіў ён журналістам.

Гаворачы аб выбарах, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за яго заўсёды былі «дзве траціны насельніцтва».

«Дрэнна будзе, калі менш за мяне прагаласуюць, чым у мінулы раз. Значыць, людзі адварочваюцца. Вынік вельмі важны — пераважная гэта падтрымка ці не», — падсумаваў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула