Сёння: БАТЭ — «Барселона»
які будзе лік?
Сёння на «Барысаў-Арэне» пройдзе матч 3-га тура групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў БАТЭ — «Барселона». Пачатак гульні ў 21:45. Яго будзе трансляваць «Беларусь-2», а таксама яго можна паглядзець анлайн на сайце tvr.by.
Цікава, што ў двух першых матчах групавога турніру БАТЭ забіў болей мячоў за «Барселону». Барысаўскі клуб у першай гульні прайграў «Баеру» — 1:4, але выйграў у «Ромы» з лікам 3:2, г.зн. забіў чатыры мячы. У той час каталонцы стартавалі з нічыі з «Ромай» (1:1) і перамаглі «Баер» (2:1). Праўда, чатыры гады таму каманды сустракаліся ў Мінску і сіне-гранатавыя разграмілі БАТЭ з лікам 5:0, а Пеп Гвардыёла ўпарта на прэс-канферэнцыяй прамаўляў па-каталонску.
Дані Алвес і Неймар прыляцелі ў Беларусь у добрым настроі, фота fcbarcelona.cat
Галоўны трэнер «Барселоны» Луіс Энрыке на перадматчавай прэс-канферэнцыі ў Мінску пракаментаваў, чаму каманда апошнім часам шмат прапускае: «Справа не толькі ў абароне, але і ў дзеяннях ўсёй каманды. Апошнія паразы былі выпадковыя. Супернікам, лічу, шанцавала. У далейшым мы працягнем працаваць па наладжанай схеме».
«Мы бярэм у разлік гульню БАТЭ з «Ромай». Першы тайм у той сустрэчы быў вельмі паказальны. Мы гатовыя да цяжкасцяў», дадаў ён.
У гатэлі «Рэнесанс», дзе пасяліліся каталонцы, вечарам у панядзелак сабраўся натоўп заўзятараў, Tribuna.com
Але першыя аўтографы ўзялі і зрабілі сэлфі работнікі аэрапорта, Tribuna.com
ДАІ, дарэчы, рэкамендавала заўзятарам карыстацца трасай М-1, або увогуле грамадскім транспартам.
Што да надвор'я, то ўвечары ў Барысаве будзе +4—6 градусаў цяпла, пад ноч слупок тэрмометра апусціцца да +2, але з'явіцца парывісты вецер.