Памочнік прэзідэнта: Ручное кіраванне эканомікай тармозіць рэформы
Структурныя рэформы прадугледжваюць змену стратэгіі, але гэта немагчыма ва ўмовах ручнога кіравання эканомікай. Такую думку выказаў памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды, выступаючы 23 кастрычніка на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску «Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця».
«Ручное кіраванне эканомікай прытупляе неабходнасць рэформ, дазваляе ручным спосабам вырашаць існуючыя праблемы, утойваць стратэгічныя памылкі, не рабіць дакладных высноў і, адпаведна, не праводзіць рэформы», — падкрэсліў Руды.
Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі ўжо прыкладна «палова эканомікі прыватная, працуюць на рынку замежныя кампаніі, прысутнічаюць іншыя элементы рынкавай эканомікі».
Пры такой структуры эканомікі ручное кіраванне не можа быць эфектыўным, мяркуе Руды.
«Як адысці ад ручнога кіравання эканомікай? Першае — дэцэнтралізацыя і дэлегаванне паўнамоцтваў. Гэта азы менеджменту. Другое — раздзяленне фінансаў дзяржавы і фінансаў дзяржпрадпрыемстваў», — мяркуе ён.
На яго думку, неабходна правесці мяжу для ўмяшання дзяржавы ў фінансы дзяржпрадпрыемстваў. «Нацыянальная бяспека, сацыяльная сфера і натуральныя манаполіі — тры кірункі, якія можна аднесці да фінансаў дзяржавы. Усё, што застаецца за межамі гэтых кірункаў, можна адправіць у рэжым вольнага плавання», — мяркуе Руды.
Павышэнне фінансавай самастойнасці дзяржпрадпрыемстваў, лічыць ён, прывядзе да таго, што частка з іх, якія стануць нежыццяздольныя без дзяржпадтрымкі, відаць, давядзецца саніраваць, ліквідаваць. «У нейкіх пытаннях, магчыма, давядзецца ісці на прыватызацыю», — выказаў меркаванне памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях.
Апрача таго, адыход ад ручной сістэмы кіравання эканомікай прадугледжвае пераход на дзяржаўнае кіраванне, арыентаванае на вынік. «Такая сістэма прывядзе да таго, што зарплата і далейшая кар'ера кожнага дзяржслужачага будзе наўпрост залежаць ад выканання паказчыкаў эфектыўнасці. Гэта сістэма працуе ў большасці краін свету», — канстатаваў Руды.
15 кастрычніка намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты паведаміў, што ўлады плануюць апублікаваць праграму структурных рэформ эканомікі ў канцы кастрычніка. «28 кастрычніка. Пакуль такі стаіць тэрмін», — сказаў ён. Паводле слоў чыноўніка, праграма структурных рэформ будзе адной з частак праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку. «Да яе (праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады) будзе ісці пакет неабходных структурных змяненняў. Там каля 50-70 законаў, указаў і іншых актаў», — паведаміў намеснік міністра.
Між тым 20 кастрычніка на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця краіны Лукашэнка заявіў: «Некаторыя кажуць: ёсць крэдыт даверу і трэба правесці непапулярныя меры, прычым вельмі хутка, чытай — трэба хуценька рэзаць па жывому. Калі будзеце прэзідэнтамі, тады будзеце рэзаць. Я нікога і нічога рэзаць не маю намеру».