CNN: Разведка ЗША падазрае тэрарыстаў у крушэнні расійскага А321
Разведка ЗША падазрае, што крушэнне самалёта расійскай кампаніі «Кагалымавія» А321, які разбіўся 31 кастрычніка на Сінайскім паўвостраве ў Егіпце, хутчэй за ўсё, адбылося з-за выбуху бомбы, якую на борт пранеслі члены «Ісламскай дзяржавы» або звязаныя з групоўкай структуры, перадае ў сераду, 4 лістапада, тэлеканал CNN.
Тэлеканал перадае, што канчатковай згоды ў шэрагах амерыканскай разведкі аб прычынах авіякатастрофы пакуль яшчэ няма. «Існуе пэўнае адчуванне, што гэта быў выбух бомбы, якая была альбо ў багажы, альбо дзесьці яшчэ», - распавяла тэлеканалу крыніца.
Іншы суразмоўца тэлеканала распавёў, што разведка аналізавала ўнутраныя паведамленні сярод членаў «Ісламскай дзяржавы». Яны «адрозніваюцца» ад тых, якія групоўка распаўсюджвала, узяўшы адказнасць за інцыдэнт.
Таксама, па словах крыніцы, «была дадатковая актыўнасць на Сінаі, якая прыцягнула нашу ўвагу». Гэта было яшчэ да крушэння самалёта, адзначае CNN.