92-гадовай жанчыне, з рахунку якой у Беларусбанку скралі 7,5 тысячы даляраў, вярнулі грошы
У пачатку верасня стала вядома гісторыя 92-гадовай жанчыны з Ялізава. Сутнасць гучнай справы ў тым, што з рахункаў жанчыны ў Беларусбанку знікла каля 7,5 тысячы долараў. Куды — ніхто не ведаў. Праз некалькі дзён пасля публікацыі стала вядома, што па факце незаконнага зняцця грошай правялі праверку і распачалі крымінальную справу. А на днях пенсіянерцы вярнулі яе зберажэнні разам з усімі належнымі працэнтамі.
фота Кацярыны Барысевіч, kp.by
Ганна Міхайлаўна адкрыла ў банку два валютныя ўклады ў 2009 годзе і грошы з тых часоў не чапала. А ў гэтым годзе служба бяспекі банка паказала ўкладчыцы выпіску з рахунку, з якой вынікае, што грошы ўсё ж здымаліся, і не адзін раз. Як распавядала пенсіянерка журналістам раней, падазравалі, што грошы здымала супрацоўніца банка Таццяна, якая ў лютым 2015 была звольненая.
Пазней аддзяленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Асіповіцкага РАУС правяло праверку па факце незаконнага зняцця ў 2012 годзе грашовых сродкаў з укладаў Ганны Міхайлаўны. У выніку 7 верасня 2015 г. у дачыненні да былой супрацоўніцы банка Асіповіцкім РАСКа была заведзена крымінальная справа.
Беларусбанк і да, і пасля завядзення крымінальнай справы заяўляў, што грошы пенсіянерцы вернуць толькі ў выпадку прыняцця судовага рашэння, а пакуль для гэтага няма прававых падстаў. У той жа час паводле слоў спецыяліста юрыдычнай кампаніі Revera Аляксандра Антонава, для вяртання ўкладу банкам няма неабходнасці ў абавязковым вызначэнні вінаватай асобы і ўступленні ў дачыненні да яго ў законную сілу абвінаваўчага прысуду суда. Спецыяліст сцвярджаў: калі экспертыза вызначыць, што подпісы былі падробленыя, то грошы павінны вярнуць. Што і адбылося на днях.
У рэдакцыю finance.tut.by патэлефанавала Ніна, дачка Ганны Міхайлаўны, і паведаміла, што банк вярнуў усе грошы і працэнты па ўкладу.
«Патэлефанавалі з РАУС і сказалі, каб мы прыехалі і азнаёміліся з вынікамі почырказнаўчай экспертызы подпісаў. Нам паказалі копію гэтага дакумента, у якім пазначана, што грошы два разы здымала былая работніца банка Таццяна. Трэці раз здымала не Таццяна, але і не мая мама, — распавядае Ніна. — Гэта значыць, мама грошай не здымала ні ў адным з трох выпадкаў».
Пасля гэтага дачка Ганны Міхайлаўны вырашыла з'ездзіць у Магілёў, у абласное аддзяленне банка. Жанчыну ахвотна прынялі, але не далі канкрэтнага адказу на пытанне «А што ж цяпер вас спыняе вярнуць ўклад і працэнты?». «Але неўзабаве мне ператэлефанавалі і сказалі, што прыносяць прабачэнні і мамчын ўклад будзе з усімі працэнтамі зноў залічаны на рахунак. Перад намі вельмі выбачаліся», — дзеліцца Ніна.
У Ялізаве ў мясцовым аддзяленні банка потым пацвердзілі, што сума ўкладу цалкам адноўленая, і Ніна сама ў гэтым пераканалася. Следчыя сказалі дачцэ Ганны Міхайлаўны, што праверка ў дачыненні да іншых пацярпелых у гэтай справе яшчэ працягваецца.
***
Імёны герояў публікацыі змененыя.