У Брэсце памерла 20-гадовая маці, якую абліў бензінам і падпаліў яе хлопец
24 лістапада каля 4.00 у рэанімацыі Брэсцкай абласной бальніцы памерла жанчына, якую амаль тры тыдні таму падпаліў 23-гадовы сужыцель.
У лячэбную ўстанову жыхарка Кобрынскага раёна трапіла 5 лістапада. Напярэдадні яна з сябрамі адпачывала ў адным з дамоў аграгарадка Дзівін. Бліжэй да ночы пайшла спаць у іншы пакой. Яе чалавеку гэта не спадабалася. На яе адмову вярнуцца ў кампанію ён плюхнуў на дзяўчыну, што ляжала ў ложку, бензін і кінуў запалку.
Адзенне на пацярпелай паспелі патушыць знаёмыя. Першапачаткова стан дзяўчыны ацэньваўся як цяжкі. Нягледзячы на ўсе намаганні медыкаў, выратаваць яе не ўдалося.
У доме загінулая і яе сужыцель пражывалі каля трох гадоў. Іх трохгадовая дачка ў момант здарэння знаходзілася ў бабулі, якая займалася выхаваннем унучкі.
Са слоў суседзяў, маладыя бацькі злоўжывалі алкаголем.
Падазраванага затрымалі супрацоўнікі міліцыі. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу па ч.1 арт. 14, п. 6 ч.2 арт. 139 (Замах на забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
«У сувязі са смерцю пацярпелай вырашаецца пытанне аб перакваліфікацыі крымінальнай справы. Па факце смерці дзяўчыны прызначана судова-медыцынская экспертыза», — паведамілі ў абласным упраўленні Следчага камітэта.